Аб'яднаны штаб на чале з кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Святланай Ціханоўскай 25-га ліпеня наведаў Оршу. На сустрэчу прыйшлі каля тысячы чалавек. Варта адзначыць, што ўлады ва ўсіх гарадах адмыслова прадастаўляюць самыя нязручныя пляцоўкі. Але калі ў Лідзе і Віцебску, прынамсі, можна было лёгка падлічыць людзей, паколькі месца збольшага суцэльнае, дык у аршанскім Парку Герояў з-за шматлікасці алеяў і адсутнасці адной вялікай плошчы перад імправізаванай сцэнай многім людзям давялося стаяць на "вуглах". Адпаведна, падлік людзей быў ускладнены, як і агляд сцэны. І тым не менш, Орша ў чарговы раз паказала, што запыт на перамены ў горадзе існуе, колькасць прыхільнікаў дзейнай улады зніжаецца. Святлана Ціханоўская пачала сваю прамову па-беларуску, заявіўшы, што трэба бараніць незалежнасць. Фотарэпартаж з сустрэчы з Ціханоўскай можна паглядзець у матэрыяле, які ўжо выйшаў на сайце.
Марыя Калеснікава сказала, што аршанцам не варта спадзявацца на абяцанні Аляксандра Лукашэнкі “узняць Воршу з руін і попелу” – трэба самім спрыяць пераменам да лепшага. Вераніка Цапкала казала пра тое, што беларусы вартыя лепшай долі, хаця цяпер шмат хто з’язджае адсюль праз беспрацоўе і адсутнасць перспектываў. Як і ў іншых гарадах, Святлана Ціханоўская заклікала прыходзіць на выбары выключна 9-га жніўня, каб пазбегнуць маніпуляцый з бюлетэнямі падчас датэрміновага галасавання. Яна падкрэсліла, што ў выпадку яе абрання будзе імкнуцца дамагацца дзвюх галоўных рэчаў: вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і правядзення справядлівых выбараў новага прэзідэнта.
Людзі прыйшлі на сустрэчу з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі ў падтрымку Святланы Ціханоўскай і балонікамі ў беларускіх бел-чырвона-белых колерах. Далей дарога Ціханоўскай, Цапкалы і Калеснікавай ляжала на Магілёў і Бабруйск, а ў нядзелю кандыдатка і яе саюзніцы сустракаюцца з жыхарамі Жлобіна, Рэчыцы і Гомеля. Паўсюль для іх мітынгаў вылучаныя нязручныя для размяшчэння людзей пляцоўкі.
Не абышлося і без дзіўных рэчаў. Тэлеграм-канал NEXTA неўзабаве пасля мітынгу напісаў, што за Курганам Славы назіралі снайперы з дахаў аднаго з дамоў на Раніцы. І прыклаў адпаведнае відэа. Людзі з падобнымі рэчамі сапраўды выходзілі з аднаго з пад'ездаў у наваколлі.
Таксама варта адзначыць улёткі, якія з'яўляюцца ў кожным горадзе, куды прыязджаюць на мітынгі прадстаўніцы Аб'яднанага штабу. Відавочна правакатыўны змест, на думку апазіцыйных актывістаў, не пакідае сумневаў, што вырабляюцца такія ўлёткі прадстаўнікамі ўладаў.