«Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выдала персанальную энцыклапедыю «Уладзімір Караткевіч». Аддрукавана кніга ў 65, 45 улікова-выдавецкіх аркушаў тыражом 1000 экзэмпляраў на ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа».
Ва ўступным артыкуле, як піша газета "Звязда", энцыклапедысты адзначаюць: «Энцыклапедыя — гэта першы крок, трывалая прыступка да стварэння паўнавартаснай шматтомнай персанальнай энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч». Такім чынам, выдаўцы сціпла заўважылі, што адзіны том, у якім сабрана ўсё ж неймаверна шмат інфармацыі пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, — проста пачатак. Нагадаем, што персанальных энцыклапедый не так і шмат увогуле. І зусім няшмат іх у гісторыі беларускага кнігадрукавання.
Няма і паўстагоддзя, як такія выданні, дзякуючы «Беларускай Энцыклапедыі…», пачалі з’яўляцца на свет. У 1986 годзе выйшла аднатомная персанальная энцыклапедыя «Янка Купала». Параўнальна нядаўна — паўторнае выданне ў трох тамах. Ёсць персанальныя энцыклапедыі, прысвечаныя Францыску Скарыну і Максіму Багдановічу. І вось героем яшчэ адной персанальнай энцыклапедыі становіцца аўтар рамана «Каласы пад сярпом тваім», іншых неўміручых твораў і ўсё, што звязана з яго імем.
Надзвычай захапляльнымі падаюцца артыкулы пра сяброў, блізкіх Караткевічу людзей: Адама Мальдзіса, Вячаслава Рагойшу, Таццяну Кабржыцкую, Рыгора Барадуліна, Сяргея Панізніка… Часам пра некаторых з сяброў, добрых знаёмых напісана коратка, зусім лаканічна. Але ж нельга не ўлічваць, што перад намі — энцыклапедычнае выданне, якое і патрабуе гэтай лаканічнасці. Асобна расказваецца пра творы класіка.