У лютым 2021 году людзі яшчэ не настолькі прывыклі да жахлівых ці абсурдных тэрмінаў за «злачынствы», звязаныя з уладамі. Рэжым Лукашэнкі рукамі сваіх суддзяў у Воршы за той месяц адправіў Аляксандра Шынкевіча на 1 год і 3 месяцы за краты за абразу Лукашэнкі, і на 1,5 года «хіміі» Арцёма Кандрацьева. У другім выпадку «абразіўся» на мужчыну міліцыянт Вішнеўскі, які нярэдка фігураваў у розных палітычных справах і пры затрыманнях.
Таксама месяц вызначыўся шэрагам аварый, сістэма ЖКГ, хоць і спрабавала паказаць, што ўсё пад кантролем, выявіла ўласную бездапаможнасць.
Аляксандр Мухін у гэтым месяцы завяршыў апошнюю, пятую частку свайго блогу пра іншамаркі ў нашым горадзе.
Легенда бардаўскай песні аршанец Андрэй Мельнікаў выдаў у тым месяцы свой новы альбом «на злобу дня».
Галоўнаму аршанскаму блогу пра спорт «Радыё Аршыца» ў лютым споўнілася 10 гадоў, наш карэспандэнт узяў інтэрв’ю ў стваральніка праекту.
Трагедыяй месяца стала гібель пуцейца на Воршы-Заходняй. 39-гадовы жыхар Балбасава з-за моцнага ветру не пачуў набліжэнне лакаматыву, пакуль чысціў стрэлкі. Цягнік збіў яго насмерць.