Дачка знакамітага лыжніка, удзельніка 7 Алімпійскіх гульняў Сяргея Далідовіча Дар’я цяпер з бацькам у вымушанай эміграцыі ў Польшчы. На радзіме дзяўчыну пераследавалі за погляды бацькі, які не змірыўся з фальсіфікацыяй выбараў і здзекамі з пратэстоўцаў, катаваннямі палітвязняў. Дар’ю Далідовіч выключылі з нацыянальнай каманды. Цяпер жа, у Польшчы, Далідовіч займаецца не лыжнымі гонкамі, а біятлонам.
Вось што расказаў «Белсату» яе бацька:
Трэнуе вельмі аўтарытэтны чалавек — чэмпіён свету і срэбны прызёр турынскай Алімпіяды Томаш Сікора. А засталася б Дар’я ў Беларусі — на спорце можна было б ставіць крыж. Мае выхаванкі з юніёрскай каманды напісалі, што іх ужо расфармавалі без акрэсленай будучыні. Літаральна адправілі па дамах з прычыны бесперспектыўнасці заняткаў ва ўмовах ізаляцыі ад вонкавага свету. Бо дзяўчаткі рыхтаваліся да еўрапейскіх Алімпійскіх гульняў моладзі, але шлях туды, як і на іншыя міжнародныя спаборніцтвы, для беларусаў і расейцаў закрылі. Тут Даша мае перспектыву выступаць за зборную Польшчы. Тым больш на карысць гэтаму — змена віду спорту. Таму не трэба праходзіць нейкага каранціну ў Міжнароднай лыжнай федэрацыі (FIS), бо цяпер яна трапляе пад эгіду Міжнароднага звязу біятланістаў (IBU). Застаецца толькі развязаць пытанне з відам на жыхарства. Мы ў пастаянным кантакце з юрыстамі ў гэтай справе.