Дар’я Далідовіч, дачка знакамітага беларускага лыжніка Сяргея Далідовіча, год таму стала чэмпіёнкай Беларусі па лыжах сярод юніёрак. Але ў пачатку 2022 году яны з бацькам былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. На радзіме ўсе дасягненні Дар’і не мелі значэння, бо ёй сталі перашкаджаць трэніравацца і выступаць — Сяргей Далідовіч адкрыта выступіў за новыя прэзідэнцкія выбары і супраць дыктатуры ў краіне.
У 2021-м Дарʼю беларуская федэрацыя лыжных гонак адхіліла ад удзелу ў спаборніцтвах і зборах, а праз месяц у спартоўкі адклікалі ліцэнзію, без якой яна не можа ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту.
1 кастрычніка Дарʼя Далідовіч ужо стала чэмпіёнкай Польшчы па біятлоне сярод юніёрак. Пра гэта напісаў у Фэйсбуку яе бацька.
Сяргей Далідовіч — адзіны ў гісторыі лыжнік, які ўдзельнічаў у сямі Алімпіядах і ў 12 запар чэмпіянатах свету. Ён скончыў карʼеру ў 2018 годзе, працаваў трэнерам.
У пачатку 2022-га Сяргей з дачкой з’ехалі ў Польшчу. Тут Дарʼя пачала займацца ўжо не лыжнымі гонкамі, а біятлонам і адразу стала паказваць высокія вынікі.