Алесь Шатэрнік - вядомы беларускі скульптар і мастак, аўтар многіх гарадскіх скульптураў, але жыве зараз у ЗША. Нядаўна мастак пачаў пісаць свае мемуары, якія часткамі публікуюцца ў розных СМІ. У чарговых успамінах Шатэрнік узгадвае і двух дзеячоў мастацтва, якія маюць дачынення да нашага рэгіёна: Уладзімір Караткевіч і мастак Лявон Баразна. Прыводзім гэтыя ўрыўкі без зменаў.
Уладзімір Караткевіч – прарок і містык
Уладзімір Караткевіч быў містыкам. Аднойчы ён перадаў у майстэрні мастаку Алесю Марачкіну цыдулку, напісаную таемным шыфрам, з прадказаннем будучыні. Здаецца, гэта запіс ніхто не расшыфраваў.
Ці памятаю адну выпадковую сустрэчу. Я пабачыў Караткевіча летам 1983 года на лаўцы каля цяперашняга ўваходу ў метро Кастрычніцкая на скрыжаванні Энгельса і праспекта Незалежнасці. Было горача. Гарадская спякота. Караткевіч сядзеў на лаўцы і глядзеў у неба на аблокі. Нос павертнуты ў бок Плошчы Перамогі. Валасы раскіданыя ў два бакі. Вочы шырока раскрытыя, ён глядзеў у Неба.
Я зразумеў, што бачу Прарока і зрабіў эскіз. Выляпіў з пластыліна. Пасля, калі Пятро Драчоў распавядаў пра апошнюю вандроўку Караткевіча, я ўявіў яго ў такой паставе, як ён плыве ў чаўне, з вяслом, між чаратоў.
Лявон Баразна: вяселле і смерць
Я вельмі добра ведаў Лявона Баразну. Яго дзейнасць – гэта вытокі народнай культуры Новага часу. Мастацкі Фонд Саюза мастакоў, які ўзначальваў Лявон Баразна, развіваў традыцыйныя віды мастацтва: кераміка, народны нацыянальны строй, саломка, кавальства, ткацтва.
Цікавая сустрэча адбылася перад самай яго гібеллю. Ён быў на вяселлі маёй малодшай сястры Тані на Нававіленскай. Сустрэў Лявона Баразну ў майстэрні, якая на Камсамольскай, дзе ў дварах неўзабаве яго і забілі.
Кажа: «Цікава паслухаць: ці спяваюць цяпер на вяселлях беларускія песні». І я запрасіў яго. На вяселлі, памятаю, ён сядзеў на канапе. За расчыненымі дзвярыма балкона заходзіла жнівеньскае сонца. Лявон Баразна блакітнымі вачыма з лёгкай усмешкай глядзеў на захад…
А хутка пасля вяселля Лявона Баразну забілі… 15 жніўня 1972 года. Яго забілі дзеці палкоўніка Золатава, два браты. Золатаў працаваў начальнікам адзела кадраў у Доме ўрада. Пырнулі нажом. Аднаго забойцу выпусцілі на волю праз сем месяцаў, а другога амністаавалі.
Павел Масленікаў шмат прыклаў намаганяў дзеля праўды, ён быў у той час рэктарам БГТХИ (цяпер Акадэмія мастацтваў). За гэтыя пошукі праўды і звольнілі яго.
Зло сутыкнулася з мастаком у «патрэбным месцы і ў патрэбны час». Можна сказаць, што падаслалі забойцаў, яны паводзілі сябе вельмі нахабна, як бы ўсвеламляючы, што пакарання пазбегнуць. І зараз толькі Неба ведае: ці падаслалі іх. Але была тады агульная палітыка, скіраваная на знішчэнне народнай культуры і этнасу, каб быў у беларусаў «Мой адрас Савецкі Саюз».