8 верасня 1514 года войска ў склад якога ўваходзілі продкі беларусаў, палякаў, літоўцаў, украінцаў і іншых народаў далі бой войску Маскоўскага княства на рацэ Крапіўна пад Оршай. Перамога над большым па памеры расейскім войскам на шмат гадоў адбіла жаданне ва ўсходняга суседа весці экспансію на захад. На шмат гадоў, але не на заўсёды.
Гэта была слаўная перамога, якая праславіла наш горад амаль на ўвесь вядомы тады цывілізаваны свет.
Прайшло 508 гадоў, але гэтая дата зноў актуальная. Дату Бітвы пад Оршай сёння будуць адзначаць у Польшы, Літве, Украіне, але не ў Беларусі. Бо наша дзяржава, нажаль, у новай вайне апынулася на іншым баку. Дзяржава, але не краіна. Большая частка беларусаў сёння супраць вайны, хаця і не могуць гэта выказаць публічна, частка беларусаў зноў ваюе супраць навалы з усходу, але ў складзе добраахвотніцкіх палкоў на тэрыторыі Украіны. Яны робяць тое, што тады не змагло дарабіць аб'яднанае войска нашых продкаў.
Вельмі хочацца верыць, што на гэты раз атрымаецца спыніць усходняга суседа не на пару дзесяткаў гадоў, а на догія стагоддзі. І наша краіна больш не будзе мець вайсковай пагрозы. І што нашым нашчадкам не давядзецца сустракацца ні з тым з чым сутыкаліся нашыя продкі, ні з тым з чым сустрэліся мы.
Са святам, шаноўныя аршанцы! Са святам, шаноўныя землякі!