З 9 па 15 снежня беларускі Свабодны тэатр граў спектакль «Сабакі Еўропы» ў Парыжы. Заснаваны на рамане Альгерда Бахарэвіча, спектакль «Сабакі Еўропы» — гэта фэнтэзі-палітычны трылер пра небяспеку адвесці позірк, калі ўкараняецца аўтарытарызм.
На сцэне Odéon размясцілі плакат з надпісам на англійскай мове, якая ў перакладзе на беларускую гучыць так: «Там, дзе спальваюць кнігі, неўзабаве пачнуць спальваць людзей».
Перад пастаўноўкай у тэатры ў сталіцы Францыі расклалі фотаздымкі беларускіх палітвязняў. У аб’ектыў да нас трапіла і фота блогера «Шэры кот» з Барані Змітра Казлова, якога затрымалі яшчэ 10 чэрвеня 2020 года. 34-гадовага блогера асудзілі на 5 гадоў па «справе Ціханоўскага», праваабаронцы прызналі яго зняволенне палітычна матываваным. Зміцер — сірата, адпаведна, у яго яшчэ меней падтрымкі з волі, чым у іншых палітвязняў. Адрас для лістоў: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.
Зміцер актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй зімой 2019 года. За ўдзел, стрымы і заклікі да ўдзелу стаў рэкардсменам па колькасці сутак адміністрацыйнага арышту: тады яго пакаралі 120 суткамі.
Цяпер яго імя і імёны іншых палітычных зняволеных Беларусі змаглі пабачыць і французы. Вашай увазе — некалькі фотаздымкаў нашага карэспандэнта з пастаноўкі «Сабак Еўропы» ў Парыжы.