Дадзім слова самому аўтару кнігі:
"Для ўсіх, каго цікавіць беларуская гісторыя, хачу прапанаваць сваю кнігу пра гісторыю горада Воршы, ад старажытнасці да сярэдзіны XIX стагоддзя. Мушу адзначыць, што ў кнізе маецца не толькі пералік больш альбо менш вядомых фактаў, але і апісанне працэсу паступовага нараджэння і ўсталявання гарадской грамады як асновы, з якой пазней вырасла і на падставе якой сфарміравалася сучаснае еўрапейскае грамадства. Я паспрабаваў больш падрабязна паказаць працэс пераўтварэння памежнага ўмацавання ў складанае і шматаблічнае сацыяльнае ўтварэнне, развіццё якога на пэўным этапе пачало падпарадкоўвацца сваім унутраным эканамічным і сацыяльным законам, а з другога боку, стала асновай развіцця ў глыбіні традыцыйнага феадальнага грамадства пачаткаў новай буржуазнай цывілізацыі, у тым ліку сучаснай дэмакратыі і рэспубліканскай формы кіравання.
Таксама я хацеў асобна адзначыць значэнне ў развіцці горада агульнаеўрапейскіх працэсаў, у прыватнасці, Рэфармацыі і Контррэфармацыі, а таксама спецыфічны беларускі характар міжканфесійнай палемікі, які дазваляў абысціся без звычайных для той эпохі праяў масавага гвалту, але спрыяў развіццю кнігадрукавання і мастацтва. Кніга ўтрымлівае мае спробы паразважаць над лёсам роднага горада, і ацаніць тыя выпрабаванні, якія давялося яму перажыць, і згадаць тых людзей, чые ўчынкі адбіліся на ягонай гісторыі.
Цяпер, пакуль пішу гэтыя радкі, я поўнай меры ўсведамляю, наколькі недсканалым стаўся вынік у параўнанні з маімі сур'ёзнымі намерамі, і мушу спадзявацца толькі на тое, што лёс дазволіць мне з часам выправіць усе хібы і дасягнуць большай дасканаласці ў апісанні гісторыі роднага горада.
У выніку пэўных роздумаў і разважанняў я вызначыў кошт кнігі ў 20 рублёў. Заплаціць гэтыя грошы можна будзе ў якасці накладных выдаткаў, разам з коштам перасылкі, падчас атрымання дасланай мной кнігі на пошце. Кнігу я буду дасылаць на паштовы адрас, які будзе пазначаны ў адпаведным лісце-заяўцы. Такія лісты-заяўкі можна будзе дасылаць на адрас электроннай пошты [email protected] "