Расейскі тэлеканал «Солнце» паведаміў пра тое, што стартуе новы праект — «КВН.Дети». Усерасейская юніёр-ліга Клубу вясёлых і знаходлівых праводзіла адборачныя турніры. У паўфінал з 200 каманд трапілі толькі 30, сярод іх — аршанская каманда «Крышка» («накрыўка»). Ужо пачаліся здымкі новага праекту.
Вядоўцамі праекту стануць Валдзіс Пельш і Таісія Маслякова, якія праз вялікую колькасць расейскіх тэлеканалаў у Беларусі добра вядомыя частцы беларускіх гледачоў.
«Крышка» — адзіная каманда з Беларусі, якая трапіла на гэты конкурс.
Але замежных — яшчэ дзве, хаця расейцы так не лічаць. У паўфіналах таксама выступяць каманды «Осторожно, дети» з так званай «ДНР», горад Снежнае, і «Выйди и зайди нормально» з Ялты. Гэта тэрыторыя Украіны, часова акупаваная Расеяй, Данецкая вобласць і аўтаномная рэспубліка Крым адпаведна. Гэта чарговае імкненне Расеі, у тым ліку праз «непалітычныя» конкурсы і спаборніцтвы, залучыць людзей з акупаваных тэрыторый у свае падзеі.
Раней, нагадаем, міні-футбольны клуб «Вітэн» з Воршы гуляў у адным турніры са «Спартаком» з Данецку, горада, які з 2014 году знаходзіцца пад расейскай акупацыяй у самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» — псеўдадзяржаўнага ўтварэння, створанага пры фінансавай і палітычнай падтрымцы Масквы.