Міжнародны форум здаровага ладу жыцця і X Рэспубліканская выстава-кірмаш «Здорово живёшь» стартуе ў Воршы 29 чэрвеня. Ён будзе доўжыцца да 1 ліпеня на плошчы перад Лядовай арэнай.
У рамках мерапрыемства аршанцам прапануюць шырокі спектр медыцынскіх паслуг як лекараў вядучых медыцынскіх устаноў Рэспублікі Беларусь, так і Расеі, паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
На кірмашы будзе прадстаўлена прадукцыя, звязаная са здаровым ладам жыцця. Гэта прадукты харчавання, прадукцыя прамысловай вытворчасці, спартыўнае і штодзённае адзенне, абутак, касметычная прадукцыя, лекавыя травы і многае іншае.
Традыцыйна для жыхароў і гасцей горада будзе арганізавана работа інтэрактыўных пляцовак з правядзеннем майстар-класаў, а таксама ўсе ахвочыя змогуць паўдзельнічаць у медыцынскай віктарыне «Прыз для здароўя».