1 і 2 ліпеня Ворша прымае фестываль гарадоў-пабрацімаў з даволі правакацыйнай назвай «В единстве наша сила». Правакацыйнай, бо ў фестывалі паўдзельнічаюць толькі аршанцы і дэлегацыі з Расеі, што толькі пацвярджае — Беларусь ператварылася на аднавектарную дзяржаву. Раней Ворша мела пабрацімамі гарады ў Арменіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Літве і шэрагу іншых краін, цяпер па факце засталіся толькі расейскія гарады і раёны.
Сімвалічным аказалася знікненне Алеі гарадоў-пабрацімаў у горадзе ў 2019-м, якое нібыта стала знакам.
Часткова вінаватыя ў гэтым санкцыі, уведзеныя краінамі Захаду супраць рэжыму Лукашэнкі, але якія фактычна б’юць па звычайных беларусах больш, чым па чыноўнікаў недэмакратычнага ладу. Аднак таксама ў гэтым вінаватая моцная арыентацыя ўладаў на Расею, што з большым ці меншым імпэтам імкнулася да ўсходняга суседа, пачынаючы з 1994 году.
Сёлета на фестываль прыехалі дэлегацыі, што прадстаўляюць Чырвонагвардзейскі раён Санкт-Пецярбурга, Цвер, Іванава, Гагарынскі і Вяземскі раёны Смаленскай вобласці і сам Смаленск. Усё гэта расейскія гарады і рэгіёны.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла, што ў рамках фестывалю пройдуць флэшмоб, байкер-шоу, святы паэзіі, рок-музыкі, спорту. Свята паэзіі адбудзецца ў музеі ў Ляўках, на колішнім лецішўчы Янкі Купалы. Яно мае беларускамоўную назву «Купала заўсёды ў сэрдцы маім».
Арганізатары абяцаюць выступленьні аркестры імя Міхаіла Фінберга, кампазіцыі савецкага року, стравы беларускай нацыянальнай кухні. У музычнай праграме таксама — «Маруся — Open Air». Гэта фестываль электроннай музыкі.