У ноч з 6 на 7 студзеня частка праваслаўных вернікаў і, адпаведна, ладная частка беларусаў ва ўсім сьвеце адзначае Раство Хрыстова. Гэта вельмі важнае і адметнае свята. Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Святаслаў звярнуўся да праваслаўных беларусаў з пасланнем, у якім адзначыў:
«Штогод урачыста сьвяткуем дзень Хрыстовага Нараджэньня — сьвята прыходу на Зямлю Сына Божага, другое асобы Прасьвятое Тройцы. Хрыстос прыйшоў каб прымірыць чалавека з Богам, дзеля чаго прынёс нябачную раней любоў паміж людзьмі, паказаў ім шлях да вечнага жыцьця ўва Ўладарстве Божым, неабходнасьць перавагі духоўнага над матэрыяльным. Самое Нараджэньне Месіі — гэта сьвятло, якое дае магчымасьць пазнаваць Усявышняга Госпада».
Святар звярнуў увагу і на тое, што нават у сённяшнім дні ня ўсе носяць Хрыста і ягоныя запаветы ў сабе.
«Маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысьціянаў, а паводзяцца як сатаністы, што стагодзямі чынілі генацыд беларусаў і іншых народаў, і цяпер пагражаюць усяму цывілізаванаму сьвету. Як некалі малое Дзіця Ісус перахоўваўся на Чужыне ад Ірада, так і цяпер сотні тысяч уцекачоў апынуліся на выгнаньні з-за перасьледу іх уладай самазванца-ірада ў Беларусі, які ёсьць служкаю Крамля.
Беларуская Царква моліцца цяпер і за Ўкраінскі народ, якому выпала пакутная роля выратаваньня Хрысьціянскае Еўрапейскае цывілізацыі, у тым ліку й Беларусі, ад барбараў. Таксама молімся за беларусаў, якія змагаюцца супраць маскоўскіх агрэсараў у братняй Украіне і супраць дыктатуры ў роднай Беларусі, і за тых, хто апынуўся ў розных кутках сьвету і іхнія сем’і.
Хай каляднікі засьпяваюць у кожным Беларускім памешканьні на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, і павіншуюць ўсіх —
Хрыстос Нарадзіўся! Слаўце Яго!»
Шчыра далучаемся да ўсіх віншаванняў ад імя рэдакцыі Orsha.eu, беражыце свае сем’і і заняткі, заставайцеся з Богам і рабіце карысныя справы штодня!