У верасні споўніцца 510 гадоў з таго моманту, як недалёка ад Воршы, на рацэ Крапівенка, паблізу ад таго месца, дзе яна зліваецца з Дняпром, адбылася славутая Бітва пад Воршай паміж войскамі Рускай дзяржавы і ВКЛ. З абодвух бакоў удзельнічала болей за 100000 воінаў.
Войскамі ВКЛ кіраваў Вялікі гетман Літоўскі князь Канстанцін Астрожскі. Гэтая асоба вартая дэталёвага апісання. У час бітвы ён падманным адыходам сваёй конніцы на правым крыле выманіў левы фланг расейскага войска пад знішчальны агонь артылерыйскай засады, і гэта вырашыла пераможны вынік бітвы.
Расейскае войска страціла забітымі, паводле розных крыніц, ад 30 да 40 тысяч сваіх воінаў. Былі захопленыя ў палон 8 ваяводаў, у тым ліку Булгакаў - Голіца і баярын Чаляднін, якія камандавалі войскам. У палоне апынуліся 37 кіраўнікоў маскоўскага войска меншага ранга, 1500 дзяцей баярскіх і вялікая колькасць шэраговых воінаў. Астрожскаму дастаўся ўвесь абоз расейскага войска, сцягі, артылерыя.
У гонар гэтай перамогі ў сталіцы ВКЛ Вільні на сродкі вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага былі пабудаваныя праваслаўныя храмы Святой Троіцы і Святога Мікалая (цяпер гэтыя храмы знаходзяцца на вул. Дзіджоі (Вялікай).
У 1514 г. у Нюрнбергу быў выпушчаны адмысловы лісток навінаў, прысвечаны апісанню бітвы пад Воршай.
Невядомы мастак XVI ст. намаляваў вялікую, 1,5 x 2,5 м, карціну, якая паказвае ўсю маштабнасць Аршанскай бітвы. Гэтая карціна цяпер захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.
Пра Аршанскую бітву ў часы СССР гісторыкі практычна не згадвалі . Дый потым, калі жыхары нашай краіны ператварыліся ў грамадзянаў незалежнай дзяржавы. звесткі пра яе з’явіліся не адразу.
Што такое “Аршанская бітва” для нашай сучаснай Беларусі? Чым яна была ў разуменні грамадзян краіны, якая раптам атрымала незалежнасць? Даўняй феадальнай бойкай, якіх было нямала ў нашым сумесным жыцці з суседзямі? І ці не адзначылася яна пераважна тым, што, як пісалі некалі ў загалоўках, “мы пабілі маскалёў”? Бо асноўным супрацьстаяннем у гэтай бітве было паміж дэмакратыяй і дэспатыяй...
Першымі на бераг рэчкі Крапіўны, дзе адбывалася сярэдневечная бітва, у пачатку 1990-х прыйшлі перважна маладыя і нацыянальна свядомыя беларускія грамадзяне, якія пачалі тут ладзіць фэст “Аршанская бітва”. Характэрна, што з самага пачатку ідэя “фестываля бардаўскай песні” на месцы, дзе лілася кроў, спадабалася не ўсім. Бо вядомы на тую пару савецкі рух бардаўскай песні быў ад пачатку выразна пацыфісцкім... Але ж аршанскі фестываль вельмі хутка пашырыўся па-за канцэртны фармат і выкананне песняў. Вельмі хутка ён зрабіўся аглядам ўсіх нацыянальных сілаў, якія ехалі пад Оршу з самых далёкіх куткоў нашай краіны. І галоўнае, што іх вызначала, – гэта нефармальнасць і пасіянарнасць удзельнікаў.
І таму ў памяці пра гэтую імпрэзу застанецца назаўсёды імя Алеся Пушкіна, які далучыўся да цяперашніх Беларускіх Пакутнікаў. Пра фестываль Алесь Пушкін некалі казаў, што гэта вельмі сімвалічна - ладзіць фэст у тым месцы, дзе людзі некалі страчвалі жыцці, а цяпер маладыя беларусы спяваюць і радуюцца, адзначаючы трыумф жыцця і будучыню Беларусі.