31 сакавіка пратэстанцкія, рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія вернікі святкуюць Вялікдзень. Светлае свята, якое паказвае веру ў збаўленне ад грахоў.
Уваскрасенне Хрыста, якога распялі на крыжы, але які вярнуўся да людзей і паказаў сябе.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім велікодным пасланні сказаў:
«Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам святкаваць галоўнае хрысціянскае свята — Пасху Хрыстову. Разам з жанчынамі міраносіцамі мы сваімі думкамі скіроўваемся да пустой магілы Езуса, каб стаць сведкамі Яго Уваскрасення як асноватворнай праўды нашай веры. Сваім Уваскрасеннем Езус парушыў закон прыроды, бо хто і калі бачыў, каб памерлы ўваскрос? Адсюль і наша радасць, бо Ўваскрасенне Хрыста з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння».
У сваім віншаванні ўніяцкім вернікам архімандрыт Сяргей Гаек, сярод іншага, сказаў:
«На працягу 35-ці гадоў святары і вернікі грэка-каталіцкіх парафій у Беларусі прайшлі няпросты шлях нястомных намаганняў, каб арганізаваць адкрытае, прылюднае літургічнае жыццё і душпастырскае служэнне. Дзякуй вам усім, што вы цярпліва і мужна захоўваеце жывую веру, хрысціянскую надзею і дзейсную любоў, крыніцай якіх з’яўляецца Тайна Уваскрасення Хрыстовага.
Перамога Крыжа і пустая магіла Хрыста паглыбляе нашу веру і ўмацоўвае надзею. У малітоўных разважаннях мы ўзгадваем доўгі Крыжовы шлях нашай Царквы падчас і пасля Другой сусветнай вайны — шлях генацыду беларускага народу. З удзячнасцю ўспамінаем адважных Сімонаў-Кірэнейцаў, якія суправаджалі нас на шляху за Уваскрослым Хрыстом і шчыра дзякуем за ўсю падтрымку і дапамогу».
Віншуем са святам усіх, хто сёння яго адзначае і задумваецца над сілай сваёй веры, над будучыняй, над цяперашнім жыццём. Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!