Пяты месяц году — адзіны ў беларускай літаратурнай мове месяц, дзе актыўна выкарыстоўваюцца дзве назвы — «травень» і «май». Слова «май» лацінскага паходжання, а што ж тады «травень»? Некаторыя людзі сёння кажуць, што «травень» нібыта «выдуманае слова». Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Насамрэч, такая назва месяца — народная, як і ў верасня, кастрычніка, ці чэрвеня. Яна фіксуецца ў гаворках Бярозаўшчыны і ня толькі.
У ХVII стагоддзі вядомы дзеяч усходнеславянскай культуры, лексікограф, паэт, перакладчык, гравёр і выдавец Памва Бярында ўключыў слова «травень» у слоўнік перакладаў на старабеларускую мову з царкоўнаславянскай, які выдаў у Воршы. Такім чынам, народнай традыцыі называння пятага месяца году «траўнем» ужо каля чатырох стагоддзяў, і яна ідзе менавіта з гістарычнай мовазнаўчай кнігі, якую надрукавалі ў Аршанскай друкарні! Выданне называецца «Лексіконъ славенорωсскїй альбо Именъ тлъкованїє». Яго першае выданне пабачыла свет у Кіеве ў 1627 годзе.
«Лексіконъ» хутка разышоўся па людзях і ўстановах таго часу, стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. А таму ў 1653 годзе ў друкарні Куцеінскага манастыра ў Воршы з’явілася другое выданне слоўніка.
У прадмове да гэтага выдання ігумен Куцеінскага манастыра Іойль Труцэвіч напісаў, што «Лексікон важны і карысны многіі, дзякуючы яму зразумець лёгка, бо праз не вельмі доўгі час той так „ωскудЂлъ“ (у сучасным значэнні — вычарпаўся, у сэнсе запасаў кнігі — Orsha.eu), што шмат дзе яго вельмі хацелі бачыць». З улікам гэтага куцеінскія выдаўцы пастараліся выдаць яго слова ў слова, бо чытаць, а не разумець ёсць бязглуздай справай.
Праўда, гэтае другое выданне не паўтарае першае «слова ў слова», бо ў ім адсутнічаюць крыптаграмы і грэцкія словы, набраныя грэцкім альфабэтам, а лацінскія словы, набраныя ў першым выданні гатычным пісмом, падаюцца тут кірыліцай, адзначаў украінскі даследчык Васіль Німчук.
«Лексіконъ славенорωсскїй альбо Именъ тлъкованїє» Памвы Бярынды, над якім ён працаваў 30 гадоў — значнае дасягненне старабеларускага і стараўкраінскага слоўніцтва. Складаецца з дзвюх частак: «лексікон» — царкоўнаслав.-бел.-ўкр. слоўнік; і «…Імёны ўласныя» — збор тлумачэнняў тапонімаў і антрапонімаў, а таксама агульных назваў неславянскага паходжання. У памятцы амаль 7 000 артыкулаў (каля 5 000 ў 1-й частцы, 2 000 — у 2-й, сярод якіх каля 1 400 уласных імёнаў).
Калі звяртацца да асобы Памвы Бярынды, то ён, стаўшы манахам, у асноўным працаваў у трох гарадах — Страціне, Пярэмышлі і Кіеве. Памва — імя пасля пострыгу, да таго ён быў Паўлам. У 1619 годзе Бярында разам з сынам Лукашам пераехаў у Кіеў і працаваў у гэтай друкарні да канца жыцця, а ў перыяд з 1627 па 1629 гады і ўзначальваў яе. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Феафан III уганараваў Памву Бярынду звання протасінкела. Памёр Памва Бярында 13 ліпеня 1632 года ў Кіеве.