06:00

-1

8 м/с

977 гПа

09:00

-2

7 м/с

979 гПа

12:00

-0

7 м/с

981 гПа

15:00

+1

7 м/с

981 гПа

18:00

+1

8 м/с

980 гПа

Орша, Культура

Гісторыя выбараў на Аршаншчыне Ч.5

05.09.2016 17:35

3774 просмотра, 4 комментария

Працяг гістарычнага даследвання Віктара Лютынскага

Восенню 1996 года адбыўся ўнутрыпалітычны крызіс, у выніку якога Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь быў распушчаны. Згодна новай рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай на Рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, прадстаўнічым і заканадаўчым органам краіны (парламентам) станавіўся Нацыянальны сход, які складаўся з дзвюх палат – Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента – 4 гады.

У Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі патрапілі 110 былых дэпутатаў ВС 13-га склікання. Прадстаўнікоў Аршаншчыны сярод іх не было. М. Дзямідаў вярнуўся ў Оршу. В. Новікаў, які на момент роспуску Вярхоўнага Савета быў першым намеснікам старшыні, праз некаторы час быў накіраваны на дыпламатычную працу.

Першыя паўнавартасныя выбары ў ніжнюю палату парламента прайшлі 15 кастрычніка 2000 года па новаму Выбарчаму кодэксу, прынятаму ў сакавіку 2000 года. Зноў былі перакроены выбарчыя акругі: іх стала ўсяго дзве.

Кандыдатамі па Аршанскай гарадской выбарчай акрузе № 26 былі зарэгістраваны 11 чалавек. Большасць шукальнікаў дэпутацкага мандата выбрала найбольш дэмакратычны шлях рэгістрацыі ў якасці кандыдата – праз збор подпісаў выбаршчыкаў (нагадаю, іх трэба не менш 1000). І толькі будучых фаварытаў выбарчай гонкі Ігара Жалязоўскага, прэзідэнта Нацыянальнага параалімпійскага камітэта Беларусі, і Уладзіміра Печанькова, дырэктара школы-гімназіі № 19, вылучылі: першага – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, другога – працоўны калектыў ЗАТ ГВФ «Світанак». Па Аршанска-Дняпроўскай выбарчай акрузе № 27 былі зарэгістраваны кандыдатамі 8 чалавек.

Большасць кандыдатаў абвяшчалі пра сваю беспартыйнасць (праўда, дзесяць год таму амаль усе старэйшыя па ўзросту з іх былі членамі КПБ). Сябрамі партый былі згаданы І. Жалязоўскі, а таксама камуністы – Сяргей Шаўроў і Мікалай Дзямідаў, ды самы малады з кандыдатаў (23 гады) непрацуючы ветэрынар з Дуброўна сябра ЛДПБ Юрый Манько.

Праводзілася сапраўдная выбарчая кампанія, вялася агітацыя ў сродках масавай інфармацыі (у «Аршанскай газеце» былі надрукаваны праграмы ўсіх кандыдатаў з іх партрэтамі), адбываліся сустрэчы з выбаршчыкамі. Працуючы тады ў музеі гісторыі і культуры Оршы, асабіста пазнаёміўся з ганаровым грамадзянінам Оршы (якога, аднак, хтосьці не жадаў бачыць сярод дэпутатаў ад Аршаншчыны), шасціразовым чэмпіёнам свету па канькабежнаму спорту Ігарам Жалязоўскім, які яшчэ ў першай палове 1990-х гадоў перадаў у музей некаторыя свае ўзнагароды (медалі, лаўровыя вянкі, граматы і дыпломы), іншыя мемарыяльныя рэчы. І хоць з 11-ці кандыдатаў па 26-й акрузе я быў знаёмы з паловай (з некаторымі і цяпер падтрымліваю прыязныя адносіны), тым не менш сімпатызаваў І. Жалязоўскаму. Напрыклад, паспрыяў таму, каб у «Аршанскай газеце» напярэдадні другога туру з’явіўся зворот у яго падтрымку, падпісаны вядомымі і заслужанымі людзьмі Аршаншчыны, сярод якіх былі Герой Савецкага Саюза А. Салянікаў, заслужаны артыст Беларусі У. Правалінскі і іншыя (гл. здымак). Была надрукавана і мая заметка «Мы выбіраем, нас выбіраюць…», якая недвухсэнсоўна заклікала галасаваць за І. Жалязоўскага, хоць ягонае прозвішча і не згадвалася. Прынамсі, тэкст быў прысвечаны аналізу першага тура галасавання, таму дазволю тут сам сябе працытаваць: «Даваць глыбокі аналіз прайшоўшым выбарам яшчэ рана. Наперадзе – другі тур. Але ўжо можна зрабіць некаторыя высновы. Па-першае, гэтая самая нізкая за ўсю гісторыю выбараў у Оршы яўка выбаршчыкаў (хоць дазвалялася датэрміновае галасаванне). Так, па выбарчай акрузе № 26 удзельнічала ўсяго 50,18 % працэнта ад маючых права голасу, у 27-й выбарчай акрузе на некалькі працэнтаў больш. У чым жа прычына? Зразумела, не ў тым, што апазіцыя заклікала да байкоту выбараў (хоць улёткі з такімі заклікамі па колькасці перавысілі традыцыйныя для горада афішы «Покупаем волосы»). Мяркую, многія лічаць выбіраемую Палату прадстаўнікоў маладзейсным органам улады, які амаль нічога не вырашае. Магчыма, некаторых не задаволіў састаў кандыдатаў, хоць іх было як ніколі шмат і досыць розных поглядаў. Некаторым нашым грамадзянам проста абрыдла палітыка і яны заняты эканомікай (як выжыць на сваю зарплату), а асобных (якіх з кожным днём становіцца больш) ужо нічога не цікавіць, акрамя бутэлькі. Усё гэта досыць сумна.

Значок дэпутата парламента Рэспублікі Беларусь.

Крыху аб выніках першага тура. Што па 26-й акрузе ў другі тур выйдуць У. Печанькоў і І. Жалязоўскі, сумневу не было. А вось выхад у другі тур па 27-й акрузе нікому невядомага «афганца»з Віцебска А. Гудкова ( Аляксандр Гудкоў – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветеранаў вайны ў Афганістане», стане дэпутатам ПП НС другога склікання) – пэўны сюрпрыз. Прытым, што лістовак з яго выявай і праграмай я не заўважыў (як, дарэчы, і Жалязоўскага, але той усё ж такі – наш славуты зямляк).

Каляндарык з выявай І. Жалязоўскага. 2000 г. У надпісу маецца памылка – спартсмен быў 6-разовым чэмпіёнам свету і толькі прызёрам Алімпійскіх гульняў.

І апошняе. Мы выбіраем дэпутатаў у прафесійны парламент. Яны павінны будуць пакінуць свае пасады па месцы жыхарства і на вызначаны тэрмін пераехаць у сталіцу, дзе і займацца законатворчасцю, а не вырашэннем гаспадарчых пытанняў у сваёй акрузе. На гэта ёсць пэўныя органы. Таму, на маю думку, будучы парламентарый павінен быць не толькі чалавекам з багатым жыццёвым вопытам, ведамі і прыстойнасцю. Яму трэба быць незалежным ад выканаўчай улады, як мясцовай, так і вярхоўнай, мець смеласць адстойваць свае погляды, ды й, нарэшце, мець пэўны аўтарытэт і імя не толькі ў сваёй выбарчай акрузе, але і ў краіне і нават за яе межамі. Хто адпавядае гэтым якасцям па нашых акругах, мяркуйце самі».

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Гісторыя выбараў на Аршаншчыне Ч.5

Працяг гістарычнага даследвання Віктара Лютынскага

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение