Працягваем публікаваць урыўкі з пакуль не выдадзенай кнігі Міколы Камароўскага. Слова ад аўтара тут. Першая глава тут, працяг першай главы тут.
Япручча доля ўжо такая.
Якуб Колас
Гісторыя гэта падобна на анекдот, але ж на самай справе, як кажуць, мела месца быць. Недзе за польскім часам. Мой бацька пачуў яе ад свайго бацькі, майго дзеда, якога зусім не памятаю, бо памёр ён у той год, калі я нарадзіўся.
Пачну з радкоў Якуба Коласа:
-А што там свеціцца, нябожа?
Няўжо гарыць хто, не дай божа?
-Не, не пажар: то – сцяг калядны,
Япрук там смаліцца дзесь ладны…
Такая падзея, як смаленне кабана, была сапраўдным святам. Мы, дзетвара, круціліся каля япруковай тушы, што ляжала на дашчаным памосце, падпёртая з бакоў паленцамі, і стараліся памагчы дарослым у важнай і такой цікавай справе. (“Бо хто ж, скажыце, хто не ласы На тое сальца і кілбасы?” – Колас). Мылі тушу гарачай вадой, выскрабалі да светлай жаўцізны парсючую скуру. Рабіць гэта патрэбна было ўмела, каб не парэзаць. Смалілі толькі саломай. Скурка на сале станавілася мяккай і прыемна пахла. Смаленне саломай запала ў памяць з маленства. Цяпар жа смаляць газам. Падключаюць да газавага балона шланг з гарэлкай – і зручна, і не дымна, і хутка. Ды ўсё гэта не тое. Няма таго святочнага “каляднага сцяга”.
Вяртаюся, аднак, да абяцанай гісторыі. Быў і такі час, калі свінней у нас амаль ніхто не смаліў. З-за шчаціны. Ці то польскія ўлады абавязвалі здаваць яе ў якасці падатку, ці то за шчаціну можна было ўзяць неблагія грошы. Пра гэта не скажу, бо не ведаю. Шчацінне з ужо забітага кабана выдзіралі спецыяльнай прыладай-круцёлкай. Такое прыстасаванне знайшоў я пад слоем пылу на гарышчы бацькавай хаты. Відаць, апетытна выглядала сала, з якога выдзерлі шчаціну. Асабліва з чорнага парсюка, бо чорная, як ні смалі, вельмі выразна відаць у скурцы. Сам працэс выдзірання быў няпросты. З-за холаду. Бо свінней звычайна білі на Каляды, у самыя маразы. Рукі дубеюць на марозе пры такой працы. А зімы раней былі не цяперашнія – з – ого! – моцнымі маразамі і снегам пад самую страху. Таму парсюкоў стараліся “запрасіць” вядром з мешанкай у хату, там закалоць і ўжо ў цяпле скубсці тую шчаціну.
Наш сусед Петра тады вядомы на ўсю вёску свінабой. Можна сказаць, і жыў з гэтага. Худы, жылісты, ён быў прызнаным майстрам сваёй справы. Мог, як сёння гавораць, “заваліць” вельмі здаравеннага япрука. Адзін раз толькі адбыўся збой у Петравым майстэрстве. Калі сваю свінку калоў. Нездарма ж гавораць, што ў шаўца боты дзіравыя. Не ўдалася тая свінка ні ростам, ні салам. Затое ж якая шустрая. Ледзь-ледзь удалося перакуліць яе на спіну. А потым швайка ніяк не магла трапіць у сэрца. Прарэзлівае вішчанне цягнулася ўжо з паўгадзіны. Ну, ніяк бедная свінка не магла дайсці. Суседзі пачалі збірацца. Урэшце быццам бы сціхла. Пачалі смаліць. І тут – на ж табе! – зноў пачала вішчаць. Ляжыць у полымі і павісквае. Такі потым сціхла. Амаль да абеду з ёй правалэндаліся.
Вось гэтага Петру мой дзед і папрасіў забіць свінню. Забіць трэ было ў хаце: стаяў моцны мароз. Былі яшчэ ранішнія прыцемкі. Гаспадыня з паўвядзёркам мешанкі пайшла ў хлеў. Петра ў гэты час стаяў за вушаком дзвярэй з калуном у руках, каб абухом па лбе аглушыць жывёліну, а пасля закалоць швайкай.
– Дзю-дзю-дзю,- ласкава клікала жанчына, угаворваючы свінню выйсці з хлява. Ды хаўроння, прадчуваючы нядобрае, не хацела пераступаць парог і чакала, калі гаспадыня вылье мешанку ў карыта. Справа зацягвалася.
– Мо закалоць у хляве, а там неяк перацягнем у хату, – прапанаваў Міхута, гаспадар.
– Ну, ты скажаш, – азваўся Петра. – Яна ж пудоў дзевяць будзе. Гэта колькі мужыкоў трэба сабраць, каб завалачы такую тушу. Ды і ў сенцах у цябе не развярнуцца.
Гаворачы так, Петра крыху хітрыў, бо разумеў, што нанятую дадаткова рабочую сілу таксама трэба будзе аддзячваць пачастункам са свежыны, а значыць, заработку яму перападзе менш.
– Выйдзіце ўсе з двара! – крыкнула гаспадыня.
І сапраўды, свіння, застаўшыся адзін на адзін з Моцяй, пасмялела, пераступіла парог хлява, абнюхала снег і ступіла да вядра. Жанчына, трымаючы перад лычом вядро, паціху рушыла па двары да хаты, жывёліна за гаспадыняй. Відаць, ужо добра прагаладалася. Павадзіла галавой у сенцах, падышла да парога кухні і спынілася. Далей ісці баялася.
– Дзю, дзю, дзюлька, – ласкавы гаспадынін голас аддаляўся ўглыб хаты. Петра па-ранейшаму таіўся за вушаком.
Баючыся, абнюхваючы ўсё пад нагамі, ахвяра пераступіла парог…
Г-г-гэхнуўшы, аж падскочыў агеньчык у лямпе, Петра з сілай ударыў абухом па свіной галаве. Цаляў у лоб, але ўдар прыйшоўся па лычы. Свіння, хоць вушы затыкай, завішчала ад болю і крута развярнулася выскачыць з хаты. Падчас развароту яе разбіты лыч уехаў у незашпіленыя шырынкі Петравых адразу і зрэбных порткаў, і споднікаў і пацягнуў разам з імі іх гаспадара. Прычым настолькі хутка і нечакана ўсё адбылося, што свінабой апамятаўся толькі ўжо на двары, на свіной спіне. Нагамі ўперад. Рукі мёртвай хваткай учапіліся за нявыдраную пакуль яшчэ шчаціну на свіных сцёгнах. Свіння тым часам ірванула куды вочы глядзяць, хаця, па праўдзе, вочы нічога не маглі бачыць, бо іх закрывалі зрэбныя порткі. Наляцела на плот, паваліла яго на снег і, падымаючы снежны пыл, а ў дадатак праламаўшы яшчэ і частакол агарода, як не галопам памчала па заснежаным полі. Петра пасля расказваў, што чуў, як вецер свішча ў вушах. Такой вар’яцкай гонкі штаны нарэшце не вытрымалі, пачалі распаўзацца па швах, і праз хвіліну-другую іх уладальнік грымнуўся вобзем. А свіння імчала далей…
Яе, знясіленую, даганяў цэлы гурт мужчын, якія прыбеглі на дапамогу. Там жа, у полі, і закалолі абяссіленую няшчасную. Узвалаклі на кары (так у нас называлі вялікія сані), прыцягнулі на пругмень. А дзень зімовы кароткі, неўзабаве і цямнець пачало. Ні пра якую шчаціну і гаворкі не магло быць. Абклалі тушу саломай, збольшага абсмалілі, памылі, разабралі, змяняючы адзін аднаго, па чарзе грэючыся ў хаце. Гаспадыня са скрухай думала: гэта ж колькі трэба свежыны і гарэлкі, каб пачаставаць талаку!
Петры за сталом на свежыне не было. Талерку шкварак і бутэльку гарэлкі занеслі яму дахаты, дзе ён у ложку адаграваўся і адыходзіў ад стрэсу.