Слова ад аўтара тут. Першая глава тут, яе працяг тут. Другая глава.
Ці ж я імені не маю,
Што мянушкай абзываеш?
З пачутага
Мінулая вайна 1941-1945-х гадоў Мікалаўшчыну не вельмі каб закранула. На Карчэвядзі (так называлася мясціна каля Нёмана) недалёка ад моста разарваліся дзве нямецкія бомбы А так, баявыя дзеянні ў асноўным абыходзілі вёску бокам. Невялікі ж нямецкі гарнізон быў, былі і паліцаі. Гісторыю таго часу расказала мне родная цётка Жэня. У вайну яна, прыгажуня-дзяўчына, добра іграла на сяміструннай гітары, крыху ведала нямецкую мову. Нямецкія афіцэры іншы раз заходзілі ў хату паслухаць яе гітару, пагаварыць з паненкай без перакладчыка, заляцаліся. Але ўсё па-культурнаму. Пасля вызвалення цётка выйшла замуж за былога партызана Віцю, які з брыгадай прайшоўся па ўсіх беларкскіх лясах. Нарадзілі трох сыноў, гэта значыць маіх стрыечных братоў. Сярэдні Дзіма, мой аднагодак, рана пайшоў з жыцця і спачывае недзе на могілках у Слуцку, дзе ён завяршыў свой жыццёвы шлях на пасадзе другога сакратара райкама партыі. Са смуткам часам падумаецца, што нямала мікалаўцаў спачываюць на чужыне, а не ў роднай мікалаўскай зямельцы, ля сваіх бацькоў. Школу, у якой мы з Дзімам правучыліся разам дзесяць гадоў, пабудавалі пасля вайны, дарэчы, палонныя немцы.
…У той дзень мой дзед Міхута і баба Моця бавілі час у хаце. Ён, пыхкаючы самакруткай, праз верхнюю шыбу акна пазіраў, што робіцца на вуліцы. Яна перабірала транты свайго пасажнага куфра, каб нешта прадаць ці абмяняць на мыла і сёе-тое з прадуктаў. Дачка Ніна штосьці дрынькала на гітары. На вуліцы было бязлюдна. Але вось паказаліся дзве постаці. Гэта былі Іван і Адам. Аднаго за вочы называлі Немец, другога – Перакладчык. Яны не прайшлі міма, а накіраваліся да дзедавай хаты,
– Немец з перакладчыкам ідуць.
– А каб іх абабэнчыла, чаго яны да нас сунуцца, – засумяцілася Моця і хуценька пачала ўпакоўваць свой скарб назад у куфар.
Між тым нечаканыя госці ўжо адчынялі веснічкі.
Дык чаму ж адзін з іх Немец, другі Перакладчык? Тут неабходна зрабіць невялікае адступленне-патлумачэнне. У нас у вёсцы ў кожнага была мянушка. Па прозвішчах вяскоўцаў не называлі, бо дзе ты разбярэш, пра каго ідзе гутарка, калі больш за два дзясяткі Дземідовічаў, яшчэ болей Міцкевічаў. Ды і Камароўскіх, Стомаў, Лойкаў, Звярынскіх нямала. Для прыкладу, на нашай вуліцы чатырох Міцкевічаў адрознівалі так: Капляр, Шуська, Чыгілінаў, Зыдораў. Чатырох Камароўскіх называлі Камар, Сынкаў, Гогаў, Стралкаў (Іван Камар, Адам Сынкаў, Ваня Гогаў, Міша Стралкаў). Пра паходжанне мянушак гісторыя маўчыць. Відаць, пайшлі яны яшчэ з часоў пра- пра-прадзедаў. А вось мянушкі Немец і Перакладчык мелі пад сабою грунт. Справа ў тым, што два сябры Іван і Адам Дземідовічы вызначаліся процілегласцю характараў. Адзін з іх быў маўчун-маўчуном і калі што-небудзь збіраўся сказаць, то атрымлівалася гэта з працяглымі паўзамі і не вельмі зразумела – пакуль дачакаешся і здагадаешся, што ён хацеў выказаць. Другі ж, наадварот, быў гаваркі, слова ў кішэні не шукаў. З такім вось непадабенствам яны, між тым, былі неразлучнымі сябрамі. Дзе адзін, там і другі. Другі даходліва “перакладаў” слухачам тое, што сказаў ці хацеў сказаць першы.
Бразнула клямка, і Іван з Адамам увайшлі ў хату. Далі “добры дзень”.
– Ну, недавярак стары! Чаго ж ты мяне напалохаў, што немец з перакладчыкам ідуць?
У Мікалаўшчыне кватэравалі немцы, і вядома ж, былі пры іх і перакладчыкі. Іх, сапраўдных немцаў і перакладчыкаў, мела на ўвазе Моця. Госці пераглянуліся і сумеліся. Сумеўся і нават пачырванеў Міхута. Па мянушцы ў нас называлі чалавека толькі за вочы. Каб не пакрыўдзіць. Узнікла няёмкая паўза. Моця застыла, развёўшы рукі, і не ведала, як апраўдацца. Абражаныя і пакрыўджаныя госці, нічога не кажучы, падаліся з хаты.
– Немец з перакладчыкам! Немец з перакладчыкам! – перадражніла Моця Міхуту.
– А ты адразу падумай, перш чым плявузгаць абы-што, – пачула ў адказ.
– Сам бы лепш думаў, а то як цяпер людзям у вочы глянуць?
Пачыналася сямейная сварка. А з-за чаго? З-а прыкрай недарэчнасці.
– Немец з перакладчыкам ідуць! – глянула ў акно Жэня.
– І ты туды ж! Дурны гаворыць, а дурнейшы паўторыць! – накінулася на дачку маці і раптам асеклася: у двор сапраўды заходзілі. Сапраўдныя немец і перакладчык. Пасядзець з панекай Жэняй і паслухаць сяміструнную гітару.