Слова ад аўтара тут. Першая глава тут, яе працяг тут. Другая глава тут. Трэцяя глава тут.
Многа тут працы і поту гарачага,
Сілы, здароўя мужык палажыў!
Якуб Колас
Гісторыя гэта пры сённяшнім пакаленні забылася, а ў свой час рассмяшыла не толькі наш раённы гарадок, а і яго ваколіцы. Адбылася яна недзе падчас славутай гарбачоўскай антыалкагольнай кампаніі. Раённы цэнтр наш знаходзіцца на бойкай шашы. Сотні машын праносяцца сюды-туды па гэтай магістралі. Ну і, зразумела, да паслуг вадзіцеляў створана адпаведная інфраструктура, як цяпер прынята гаварыць. А па-простаму, ля дарогі знаходзілася кафэ, дзе можна было перакусіць, адпачыць, бавячы час іншы раз за куфлем піва ці чаго мацнейшага. Ды ў паставой службы алкагольная тэма была пад асобым кантролем. Нават калі хто толькі заходзіў сюды, і то ўжо выклікаў у міліцыянераў пільную ўвагу, падпадаў пад падазрэнне. І крый Божа вадзіцелю пасля піва сесці за руль. Тут ужо парушальніку спуску не будзе. Сярод жа “даішнікаў” сустракаліся і такія службоўцы, пра якіх кажуць: прымусь яго маліцца, дык ён і лоб разаб’е. З такіх быў і паставы старшына N. Спыняў аўто часта без усялякай прычыны, прыдзірліва правяраў дакументы, прымушаў падзьмухаць у трубку. Таму асаблівай “любоўю” ў тых, хто за рулём, ён не карыстаўся. Аднак пасля таго здарэння ўжо не надта прадузята і ўедліва, а больш абдумана ставіўся да выканання сваіх службовых абавязкаў. Карацей, было так.
Да нас у госці летам звычайна прыязджаў з Польшчы далёкі сваяк. Звалі яго Збышак. Прыязджаў на сваім любімым “Фольксвагене”. Гэта было ў той час, калі ў Польшчы ў крамах пуставали паліцы, і палякі масава затарваліся нашымі таварамі, перапрадаючы іх дома і маючы з гэтага навар. А ў Збышка, да таго ж, была магчымасць наведаць радню.
Вось і ў той раз, перад тым як павярнуць з шашы на вёску, спыніўся перакусіць у кафэ. Разам з ім была яго жонка Рузя. Зайшлі яны, ён заказаў куфаль “Жыгулёўскага” і сяго-таго прыкусіць. Сядзіць, святая нявіннасць, пацягвае пенны напой, і няўцям яму, што ён ужо ў полі зроку старшыны N. Той сачыў за Збышакам з таго моманту, калі кіроўца пераступаў парог кропкі грамадскага харчавання. А пасля – удача! – убачыў: піва п’е паляк! Задаволена пасмейваючыся, падышоў да “Фольксвагена”, не спяшаючыся, расцягваючы задавальненне, выкруціў ніпелі. Выпусціў з колаў паветра, і чакае вадзіцеля. Такой “паслугі”, як эвакуатары, тады яшчэ не было. Неўзабаве палякі выйшлі з кафэ і накіраваліся да машыны. Здзіўленню іх не было межаў: аж усе чатыры колы спушчаны! Старшына, хаваючы радасць, казырнуў, назваў сябе і папрасіў у кіроўцы дакументы. Патлумачыў, што забірае правы, а аўтамабіль застаецца тут, на стаянцы, бо вадзіцель ужыў алкаголь. Збышак спачатку вылаяўся па-польску: “Пся крэў”, – а потым, як гавораць, узяў сябе ў рукі. Ён нядрэнна валодаў рускай мовай і давёў да ведама паставому, што цяпер за рулём будзе не ён, а яго жонка. У якой таксама ёсць правы…
Далей было нешта падобнае на нямую сцэну. Пачаў збірацца народ. Усе чакалі, чым гэта скончыцца. Запахла міжнародным скандалам. Тым часам Збышак дастаў з багажніка ручную помпу (была ў яго і другая – што нагой пампаваць, але выбраў менавіта ручную) і падаў яе паставому:
– Нехай пан надуе.
Думаю, што перакладаць і не трэба: няхай вінаваты надзьме колы. Усім было цікава, што будзе рабіць старшына. А што таму заставалася рабіць? Давай ён пампаваць, надзімаць колы. Усе чатыры. А гэта вам не сённяшнія нажныя ці электрычныя помпы. Ужо пасля першага кола спіна стала мокрая. Прыйшлося кіцель зняць. Ад бедалагі ціхенька разышліся па баках (далей ад сораму) яго калегі. Не сталі дапамагаць яму. А народу ўсё прыбывала. Дзе больш ты ўбачыш такое незвычайнае відовішча!..
Пакуль Збышак прыехаў у вёску, вестка пра здарэнне ўжо сюды даляцела: прывезлі тыя, хто па сваіх патрэбах ездзіў у горад і паспеў вярнуцца раней, чым на вясковай вуліцы паказаўся “Фольксваген”. Як-ніяк працэс надзімання чатырох колаў быў даволі працяглы па часе і да таго ж вельмі потаёмкі.
Пра выпадак з нестандартнай сітуацыяй даведалася міліцэйскае начальства. Старшына атрымаў спагнанне.