У Оршы пачаў выконвацца Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2010 г. “Аб найменаваннях геаграфічных аб’ектаў”, у адпаведнасці з якім 8 кастрычніка 2015 г. Аршанскі райсавет прыняў адпаведнае рашэнне “Аб нармалізацыі элементаў вулічна-дарожнай сеткі ў горадзе Оршы”. Упершыню ў друку тады з’явіўся поўны пералік аршанскіх вуліц з іх беларускімі і рускімі назвамі (дакумент змешчаны таксама на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале).
Такім чынам, у Оршы на сёння налічваецца 539 вуліц, завулкаў, праездаў і тупікоў. Большая частка іх узнікла ў савецкі час і атрымала адпаведныя назвы, як і паўсюль ў былой краіне Саветаў. Прадстаўлены ўвесь камуністычны “іканастас”, пачынаючы ад Маркса і заканчваючы Красіным. Ну й стандартныя – Савецкая, Камсамольская, Чырвонаармейская… Ёсць вуліцы з дзіўнымі назвамі: 11 Ліпеня, 1 Жніўня, 8 Сакавіка. Ну, калі апошняя не выклікае пытанняў, дык дзве іншыя незразумелыя нават іх жыхарам, у чым я неаднойчы пераконваўся, гаворачы з імі на гэту тэму.
Да гонару мясцовай улады на ўсіх дарожных указальніках у Оршы (на жаль, не паўсюль пісьменных) першая мова – беларуская. Невялічкая вуліца 1-га Жніўня злучае вуліцу Пагранічную з праспектам Тэкстыльшчыкаў. Названа дзесьці ў міжваенны час у гонар пачатку Першай сусветнай вайны.
Назва вуліцы 11 Ліпеня – напамін пра часы беларусізацыі. Дзень вызвалення Мінска ад т.з. белапалякаў у 1920 г. шырока адзначаўся ў даваеннай БССР. Такую ж назву, дарэчы, меў да вайны і кінатэатр у Оршы.
Досыць падрабязны аналіз перайменаванняў аршанскіх вуліц у савецкі час даў у сваім артыкуле “Пройду по Абрикосовой, сверну на Виноградную” журналіст і краязнавец Юрка Копцік (“Аршанская газета”, №№43-46 1992 г.; таксама надрукаваны ў краязнаўчым зборніку “Аршанская мінуўшчына”, выпуск 1, 1997 г.).
На хвалі новага беларускага Адраджэння напрыканцы 1980-х-пачатку 1990-х гадоў у Оршы з’явіліся вуліцы, названыя ў гонар асветнікаў Спірыдона Собаля і Іаіля Труцэвіча, пісьменнікаў Адама Міцкевіча, Уладзіміра Караткевіча, Аляксандра Міронава. Ці не пажартавалі “бацькі” горада, даючы аршанскай “Рублёўцы” (у мясцовым “Царскім сяле”) імя Язэпа Драздовіча, “беларускага Леанарда да Вінчы”, а па жыцці “вечнага вандроўніка” і амаль што бамжа.
На вуліцы Язэпа Драздовіча.
У апошнія 20 гадоў новыя вуліцы горада атрымлівалі толькі імёны герояў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Працуючы напрыканцы 1990-х гадоў у музеі гісторыі і культуры Оршы, меў пэўнае дачыненне да працы гарадской тапанімічнай камісіі. Тады разглядалася, напрыклад, пытанне аб наданні адной з новых вуліц у Задняпроўі імя генерала Палевіка (у 1944 г. камандаваў 220-й стралковай дывізіяй, якая прымала ўдзел у вызваленні Оршы). Гэтага дамагаліся ад мясцовых уладаў ветэраны той дывізіі. Памятаю, нават дакладнай інфармацыі пра яго тады мы не мелі. Сёння, дзякуючы Інтэрнэту, ёсць хоць сціплыя біяграфічныя звесткі пра гэту асобу. Некаторыя сябры тапанімічнай камісіі выступалі супраць надання вуліцы імя генерала, каб не было прэцэдэнтаў (колькі ж вайсковых частак вызвалялі Оршу і калі ўсіх іх камандзіраў ды ў назвы аршанскіх вуліц?). Але пераканаць тагачасныя ўлады сябрам тапанімічнай камісіі не ўдалося. А вось надаць адной з вуліц Задняпроўя імя Георгія Пяткевіча, першага пасляваеннага старшыні гарвыканкама, які прыклаў шмат намаганняў для аднаўлення амаль ушчэнт разбуранага вайной горада, так і не ўдалося.
У 2008 годзе адбыўся ці не адзіны ў гісторыі Оршы выпадак (за выключэннем сталінскіх часоў), калі вуліцу назвалі ў гонар яшчэ жывога чалавека, Героя Савецкага Саюза Анатоля Салянікава (на той час апошняга з аршанцаў, уганараванага гэтым высокім званнем). Мне гэта, прызнаюся, было прыемна, бо асабіста быў добра знаёмы з гэтым цудоўным чалавекам і грамадзянінам. Дарэчы, закон 2010 года ўжо забараняе прымаць падобныя рашэнні.
На вуліцы Салянікава.
Мяркую, назвы вуліц, на якіх жывуць месцічы, пэўным чынам адбіваюцца на іх светапоглядзе і лёсе. Зразумела, не ўсе, хто гадаваўся на вуліцы Леніна, стануць камуністамі, а Дзяржынскага – чэкістамі. І ўсё ж. Я, напрыклад, вырас і цяпер жыву на вуліцы, якая носіць імя знакамітага рускага літаратурнага крытыка ХІХ стагоддзя Бялінскага. Нездарма жонка кажа, што я часам бываю вострым на язык, праўда, да “неистового Виссариона” мне далёка. Да бабулі хадзіў па вуліцы “дзядулі” Івана Крылова (вядомага рускага байкапісца), у школу – па вуліцы Мікалая Чарнышэўскага (аўтара знакавага для рэвалюцыянераў рамана “Што рабіць?”), а мая школа № 17 месціцца на вуліцы Тараса Шаўчэнкі. Хіба не мог з мяне вырасці аматар літаратуры, па перакананнях рэвалюцыйны дэмакрат? Трэба яшчэ ўлічыць, што ўлюбёным месцам гульняў для мяне з сябрамі былі ў дзяцінстве кар’еры і спартыўны гарадок вайсковай часткі па вуліцы Марата (згодны з А. Розэнбаўмам, які спявае, што “на улице Марата я счастлив был когда-то”) і па якой мы хадзілі на Дняпро. Таго, Жан-Поля, французскага якабінца і “сябра народа”, а не піянера-героя Казея, якому далі папулярнае ў паслярэвалюцыйны час прозвішча-імя. Менавіта яго звычайна згадваюць людзі старэйшага і сярэдняга пакалення, калі пытаю пра назву вуліцы, праводзячы экскурсію “Орша крымінальная” (бо на гэтай вуліцы месціцца і буйнейшая ў Еўропе турма, і містычны “дом смерці”). А дзе тады на шыльдах ягонае прозвішча? Як па мне, дык замест імя крыважэрнага ідэолага гвалту і тэрору хай бы вуліца насіла светлае імя юнага беларуса-героя, якія самаахвярна загінуў за нашу свабоду. Моладзь жа, на жаль, не ведае ні аднаго, ні другога.
Цяпер у адпаведнасці з новым заканадаўствам вуліцам далі поўныя назвы. Нарэшце, вуліца Скарыны будзе ўсё-такі Францыска, а не Георгія, як дасёння дзе-нідзе вісяць шыльды 1960-х гадоў
Даўно ўжо трэба памяняць падобныя шыльды.
Адбылося таксама некалькі скандальна-анекдатычных выпадкаў. Відаць, нехта, нядоўга думаючы, набіраў ў Гугле прозвішча, напрыклад, “Чэбрыкаў”, зразумела, ім аказаўся Віктар, старшыня КГБ СССР, член Палітбюро ЦК КПСС і г.д. Няўцямна было зразумець, што ў назве аршанскай вуліцы зусім іншы Чэбрыкаў. А гісторыю горада дрэнна ведаюць, таму пра Сяргея Чэбрыкава, аднаго з бліжэйшых паплечнікаў славутага К. Заслонава (будынак музея якога летась навогул знеслі) і ня чулі. Хоць часам цеплавоз з ягоным імем праязджае праз Оршу. Тое самае, відаць, адбылося і з вуліцай Астроўскага. У пошукавіке першым ідзе Аляксандр Мікалаевіч, рускі драматург, а ўжо потым Мікалай, савецкі пісьменнік, аўтар культавага рамана “Как закалялась сталь”. Менавіта ў гонар апошняга і была некалі названа вуліца. Пра гэта, дарэчы, напрыканцы мінулага года падрабязна пісаў на сайце (Так какой же Островский?).