Працягваем публікаваць урыўкі з пакуль не выдадзенай кнігі Міколы Камароўскага. Слова ад аўтара тут. Першая глава тут, працяг першай главы тут. Як даўней свіней білі тут. Немец з перакладчыкам тут. Ці слёзы праз смех, ці наадварот тут.
Прыхадзі у госцейкі,
Мой кумок.
З песні
“У хахла галава варыць толькі да абеду, пасля абеду – не”, – так гаворыць пра сябе кум, згадваючы сваё ўкраінскае паходжанне. Пакумаліся мы з ім так: ён хрысціў маіх дзяцей, а я – яго. “Хрысціў” – слова павінна быць у двукоссі, бо “хрысцілі” без царквы, чыста сімвалічна, але з багатым застоллем, з выгнанай з гэтай нагоды хлебнай самагонкай. Да мясцовай улады заўсёды ставіўся з іроніяй. Скажам, пытаўся ў тэлефонную трубку: “Это сельский сельсовет?” Наогул, яго стаўленне да любога начальства, кажучы ягоным жа словам, было “щепетильным”. “Щепетильно” ён адносіўся да ўсіх, хто меў у кішэні білет члена КПСС. Глядзеў на выміранне беларускай вёскм і гаварыў: “Праклятыя камуністы”. Сваю ілэалагічную скіраванасць ён праявіў яшчэ ў школьныя гады, калі адмовіўся ўступаць у піянеры.
Кум – вельмі гасцінны чалавек, апошнія далікатэсы дастане, каб дагадзіць госцю і прадэманстраваць сваю шырокую натуру. З чаркай сябруе, але розум не прапівае. Хаця… Бывала, і прапіваў. Да жанчын заўсёды быў падкі. Казаў, гэта ў яго спадчыннае. Будучы яшчэ дзіцем, падпільнаваў свайго дзевяностагадовага дзеда на бабе… А на адным вяселлі, дзе быў гарманістам, саграшыў з маладой, апярэдзіўшы маладога… У суседняй вёсцы рос хлопчык – выліты кум. Былі ў любоўных прыгодах і збоі. …Склалася так, што знюхаўся з жонкай старшыні калгаса, дзе працаваў трактарыстам. Старшыню пра гэта ўвялі ў вушы. Той пачаў сачыць. Прыехаў аднойчы дадому, а жонкі няма. Давай ён яе шукаць яе на падворку. Палюбоўнікі пачулі, што запахла смажаным. Непрыкметна выслізнулі з пуні. Жонка ціхенька – у грады з буракамі і давай ламаць бацвінне – пакарміць свіней. Палюбоўнік – у супрацьлеглы бок, у бульбоўнік, там і затаіўся. Старшыня знайшоў жонку у бураках, выгаварыў, што дасюль свіней не пакарміла. А яна: “На заўтра нагатоўлю”. Каб нервы супакоіць, выйшаў пакурыць на веранду. З веранды бульбоўнік як на далоні.
Кум ляжыць і не дыхне. Як толькі старшыня паверне галаву ўбок – кум імгненна перакочваецца ў другую баразну. Бліжэй каб да кустоў, якія пачыналіся адразу за бульбай. А старшыня, абцяжараны старшынёўскімі клопатамі, узяў яшчэ цыгарку. Пайшоў папіў вады, а кум яшчэ праз пару баразён паспеў перакаціцца…
Раніцай, убачыўшы здратаваны бульбоўнік, старшыня не заплакаў ледзь. Расказаў пра бяду механізатарам на на мехдвары.
– І ў мяне, Андрэіч, такая ж бяда. Гэта дзікі. Штраф заплачу, а перастраляю ўсіх іх, гадаў! – уставіў слова кум, з’явіўшыся на разнарадку і гледзячы на старшыню пазычанымі ў сабакі вачыма.
А яшчэ кум майстравіты чалавек. Рукі выраслі з патрэбных месцаў. За што ні возьмецца - усё гарыць у яго руках. Трэба зруб зварганіць – калі ласка! Перабраць матор – без праблем. Мог і печ зляпіць, і многа чаго яшчэ ўмеў. Хату сваю так адбудаваў – не хата, а лялька. Столь падшыў бліскучай пліткай з узорамі. Мудрагелістая шалёўка на хаце – як шэдэўр мастацтва (прынцыповым было для кума, каб ні ў кога такога ўзору не было). У хаце – усе гарадскія выгоды: туалет, каналізацыя, халодная і гарачая вада. Такое ў сямідзясятыя ў вёсцы, кажучы па-сённяшняму, было нонсенс. А лазня! Нешта падобнае на заходнееўрапейскі замак. Праўда, ледзь не згарэла. Ужо завяршалася яе будаўніцтва, калі малодшая дачушка-пястушка знайшла недзе запалкі. Чыркнула, і, як порах, занялася кудзеля, якой шчодра ўцяпляўся будынак. Агонь удалося ўтаймаваць толькі таму, што побач з лазняй на гародзе была выкапана сажалка. Сажалку куму выкапалі меліяратары экскаватарам за два трохлітровыя слоікі самагонкі. “Здурнеў саўсім, колькі агарода сапсаваў!” – круціла пальцам ля скроні Зуенкава маці.
Ды вернемся да хаты.
На ўборачную горад дапамагаў вёсцы рабочай сілай. Камандзіраваных размяшчалі па хатах. Брыгадзір вядзе групу гараджан па вёсцы – аднаго сюды, другога туды. Дайшлі і да кумавай хаты. Брыгадзір:
– Вось тут адразу некалькім чалавекам размясціцца можна, прасторна і чыста.
Гарадскія паглядзелі на будыніну, пераглянуліся. Адзін сказаў:
– Тут, мусіць, нейкі куркуль жыве. Не, сюды не пойдзем.
…Надумаўся кум навучыць жонку ездзіць на матацыкле. Быў у яго аднацыліндровы “Іж”. Магутная машына!
–Трэба ў суседнюю вёску ў краму – едзь, на пошту – калі ласка, а не збівай ногі, – гаварыў жонцы. – А калі вып’ю – ты сядзеш за руль…
Аднак навука па ваджэнні матацыкла скончылася гэтак жа хутка, як і пачалася.
Быў у кума двор, па якім жывёла праходзіла ў хлеў. Варот не было, ад вуліцы двор адгароджвала тоўстая жэрдка. Каб чужыя каровы не заходзілі. Тут якраз і мелася прайсці практычнае навучанне ваджэнню, пакуль жывёла на пашы. Пасадзіў кум жонку на свайго “Іж-а”, растлумачыў, што націскаць, сам завёў, падпіхнуў. А пра жардзіну забыўся – не зняў. Жардзіна ж была тоўстая. Каб бык Вася, агромністая пачвара, не зламаў. Жонка газанула. Як дзікі мустанг, з месца ў кар’ер ірвануў “Іж”. Ад страху ў галаве жанчыны выветрылася, як тармазіць, і панёсся матацыкл на жардзіну. Як запалка, пераламалася жэрдка. Жонка паляцела ў траву, але не пакалечылася, нават драпін не было. Матацыкл, быццам смяротна паранены звер, ляжаў на зямлі, тросся, роў усімі сваімі конскімі сіламі і, нібы ў агоніі, раз’юшана круціў заднім колам. Глядзець на яго было балюча: увесь перад разбіты ўшчэнт.
– Ну, цяпер быка прадавай на новы матацыкл! - апрытомнеўшы ад страху, накінулася жонка.
– Адрамантуюць хлопцы ў майстэрні, а бык пойдзе пад нож. Дачка ж замуж збіраецца, - апраўдваўся муж, у душы радуючыся, што яго Вера жывая і не пакалечаная.
Ды не суджана было быку Васю аздобіць вясельны стол і парадаваць гасцей смачнай ялавічынай.
Пашанцавала куму набыць легкавы аўтамабіль. “Жыгулі” пятай мадэлі. Сабраліся сябры, суседзі, госці з Оршы. Выпіваюць, нахвальваюць машыну. У самы разгар застолля нехта зірнуў у акно і войкнуў: “Ой- ёй- ёй!!!” Усіх як вымела з хаты. Каля “Жыгулёў” стаяў бык і часаў рогам пятую мадэль. Рогі, відаць, свярбелі ў Васі. Шкрабаў па кузаве старанна, не адрываючыся. Кум, як загіпназаваны, з раскрытым ротам, глядзеў на жудаснае відовішча. Каб не адбылося смертазабойства Васі, сусед “сагрэў” таго калом і загнаў у хлеў. На “Жыгулі” вачам бы не глядзець: памяты, падрапаны бок новенькага бліскучага кузава. – Плакала, дачушка, тваё вяселле, – амаль прычытала гаспадыня. Але кум не з тых людзей, каб ірваць на сабе валасы. Схапіўшы гармонік і ўрэзаўшы “Напрасно старушка ждёт сына домой”, павёў гасцей працягваць банкет.
Быка здалі на мясакамбінат. Выручаныя грошы пайшлі на рамонт, засталося і на вяселле. А ў “Жыгулёў”, адрамантаваных ужо, лёс аказаўся нешчаслівы. Дачка папрасіла ў бацькі ключы пакатаць свайго суджанага. На павароце не справілася з кіраваннем, і машына аказалася ў глыбокай канаве. Коламі ўверх. Для людзей дарожнае здарэнне скончылася добра: абышліся сінякамі. А пятую мадэль прадалі на запчасткі. Гаспадар, чалавек з творчай жылкай, купіў з рук два дабітыя “Запарожцы”, якія ў народзе называлі “гарбатымі”, і сабраў з іх адзін, даволі прыстойную машыну, па праходнасці не раўня “Жыгулям”.
Адмоўныя рысы натуры кума, сабраныя разам, не параважаць станоўчых якасцяў. Ён заўсёды, не задумваюмыся, кінецца чалавеку на дапамогу. Чужую бяду прымае, як сваю. Калі ў суседа даходзіла карова, абпіўшыся брагі, і жывёлу трэба было дарэзаць, то кум, які не пераносіў крыві і нават пеўню адсекчы галаву прасіў суседзяў, рашуча паласнуў па горле жывёліны касой. Калі б карова здохла, сусед бы меў вялікія страты.
Добры душой і незлапомслівы чалавек кум. Аднойчы зімой ён пачаў заўважаць, што нехта крадзе ў яго дровы. І быў добра ўпэўнены, што гэта робіць суседка, муж якой не назапасіў за лета дроў. Не цярпеў кум людзей, якія крадуць адзін у аднаго. Іншая справа “ўзяць” у калгасе ці ў дзяржавы. Тут граху, лічыў, ніякага няма. Скажам, камандзіруюць яго на той жа трактарарамонтны завод у горад. Пакідаючы прадпрыемства, абавязкова прыхопіць з сабой ці дэталь якую, ці што з інструменту. Калі ж нічога вартага, што дрэнна ляжыць, не аказвалася, то хоць жменю гаек і балтоў, але сыпне ў кішэню. Дык вось, вырашыў кум пакараць злодзея, што крадзе ў сваіх. Зрабіў “бомбу” – порах у палене, – паклаў палена ў паляніцу і стаў чакаць, калі ў суседа бабахне ў печы і павылятаюць гаршкі.
Была зіма. Устаў кум рана і глядзіць на вуліцу, хто прыедзе першым рэйсам аўтобуса. Бачыць: спяшаецца дадому з аўтобуса суседчына дачка Насця. А на дварэ халадрыга. Насціна маці ўжо распальвала ў печы, над комінам узвіўся дамок. І тут аж не па сабе стала куму: схаладалая Насця – а яна ж цяжарная!!! – адразу палезе на печ грэцца, а “бомба” як… Не апранаючыся, пабег да суседкі.
– Маня, можа, ты бачыла ці ведаеш, хто крадзе ў мяне дровы? Не ведаеш? Нічога, пачуем, як у некага сёння-заўтра бабахне. Во салют будзе! Я “бомбу” схаваў у палене. Паклаў палена, дзе бяру сам, дзе не прысыпана снегам.
– Не, не ведаю, – апусціўшы вочы, замітусілася ля печы гаспадыня. А потым як бы анянела, і рукі трасуцца. А Насця ўжо на печы ляжыць, грэецца.
– Вой, забыўся газ выключыць, – разрадзіў абстаноўку кум і бягом дахаты. Не дабегшы да ганку, пачуў, як зашыпелі ў снезе дровы, выкінутыя з печы. Патушанае снегам зараджанае палена не бабахнула…