Дзень 25-га ліпеня мае свой заўважны след у гісторыі Оршы.
У гэты дзень, 133 гады таму, а менавіта ў 1884 годзе нарадзіўся Аляксандр Вернікоўскі — праваслаўны святар, грамадскі і культурны дзеяч, педагог. 25.8.1909 паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, скончыўшы якую атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. У канцы 1914 прызначаны на пасаду нам. інспектара Тульскай духоўнай семінарыі; адначасова выкладаў у ёй нямецкую і французскую мовы. Вярнуўся ў Зах. Беларусь у лютым 1922. Працаваў псаломшчыкам Нараўскай царквы Белавежскага пав. У 1922—23 дырэктар бел. гімназіі ў Радашковічах. З 16.10.1923 настаўнік гісторыі, царкоўных спеваў і бел. мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі. Пэўны час жыў у Беластоку. Пазней пераехаў у Мінск, дзе служыў настаяцелем Свята-Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе.
У жніўні 1944 браў удзел у сходзе духавенства, дзе выступіў з асуджэннем камуністычных парадкаў. Арыштаваны савецкімі ўладамі 3.1.1945, асуджаны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў на Урале, у Сібіры і Казахстане. У Беларусь вярнуўся ў 1950. Служыў настаяцелем у мяст. Дварэц (Дзятлаўскі р-н) і ў мяст. Леніна (Слуцкі р-н), дзе выйшаў на пенсію. Потым пераехаў да сына Святаслава ў Оршу. Некалькі гадоў таму журналістам удалося знайсці магілу Аляксандра Вернікоўскага.
Магіла Аляксандра Вернікоўскага ў Оршы.
25-га ліпеня 1984 года, 33 гады таму памёр славуты беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Чалавек, які вельмі любіў родную Оршу, а таксама дзясяткі іншых месцаў, у якіх яму давялося бываць. Адна з самых значных постацей у беларускай літаратуры. Аўтар вялікай колькасці гістарычных раманаў. Шмат хто і да гэтае пары прыходзяць да беларускай самасвядомасці праз творы гэтага пісьменніка. Хаця прызнанне Караткевіч атрымаў яшчэ пры жыцці, жыццё назваць лёгкім не выпадае. Біяграфію Уладзіміра Караткевіча можна прачытаць і на нашым сайце.
Апошні здымак Уладзіміра Караткевіча, рака Прыпяць, 1984 год.