Герб Оршы
Герб Лепеля
Нядаўна ўпершыню наведаў Лепель. Звычайна, калі знаёмлюся з новым горадам, заўсёды цікаўлюся ўсім, што звязвае яго з маёй роднай Оршай. Што помніцца з дзяцінства? Толькі тое, што калі заўважалі ў паводзінах некага дзівацтва, то казалі, што цябе трэба адвезці ў Лепель. Бо там знаходзілася (і цяпер знаходзіцца) Лепельская абласная псіхіятрычная бальніца (абслугоўвае і Аршаншчыну). Калі ж казаць сур’ёзна, дык “нітачак”, якія звязваюць гэтыя беларускія гарады, не так ужо і мала. Праўда, да сёлета неяк дабрацца да Лепеля не ўдавалася, да таго ж не было там ні родных, ні знаёмых. Але вось давялося пазнаёміцца з Валодзем Вашчуком з Лепеля, які паступіў летась у наш каледж. З лютага я стаў кураторам групы, дзе ён вучыцца і нават з’яўляецца старастай. Такім чынам, з’явілася яшчэ адна нагода пабываць у Лепелі, каб не толькі пазнаёміцца з горадам, але і наведаць сям’ю свайго навучэнца.
Горад, заўважу, мне вельмі спадабаўся сваёй утульнасцю, чысцінёй і душэўнасцю. А які прыгожы від адкрываецца з гарадскога парка на Лепельскае возера! У Оршы, якая ўзнікла на злучэнні Дняпра і яго прытока Аршыцы, вады таксама хапае. Часам ў вясновую паводку яе жыхарам даводзілася плаваць па вуліцах на чаўнах. Вось і ў краязнаўчай літаратуры сустракаў вызначэнне Лепеля як беларускай Венецыі. Але навошта апісваць прыгажосць горада лепельчанам, якім, каб адпачыць, няма патрэбы ехаць на курорты? А аршанцам – лепш пабачыць усё на свае вочы.
Углыб стагоддзяў
Пачнём з таго, што існуе асобная чыгуначная лінія, якія злучае толькі нашы два гарады. Менавіта на дызелі з Оршы я і прыехаў у Лепель (на жаль, аўтобусная сувязь паміж гарадамі сёння адсутнічае). Але пра чыгунку крыху пазней. Будзем з большага прытрымлівацца храналогічнай паслядоўнасці. Орша, якая ў ліпені адсвяткавала сваё 950-годдзе, расла значна хутчэй, чым Лепель, бо была размешчана на перакрыжаванні водных і сухапутных шляхоў. Таму і больш цярпела ў ваеннае ліхалецце. Але і Лепелю, размешчанаму крыху ў баку ад асноўных шляхоў, таксама даставалася: і ў 1812 годзе, і ў Першую сусветную вайну, і ў Вялікую Айчынную. Калі ўжо глядзедзь у сівую мінуўшчыну, трэба ў першую чаргу згадаць легендарнага Цмока, якому ў 2013 годзе ўстанавілі помнік на беразе Лепельскага возера. Якое гэта мае дачыненне да Оршы? Дык пра яго ж ўпершыню згадаў Уладзімір Караткевіч, самы славуты ўраджэнец горада на Дняпры! У рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ён падрабязна апісаў гэту міфалагічную істоту.
Помнік Лепельскаму Цмоку. Скульптар Леў Аганаў
З нядаўняга часу, у жніўні тут ладзіцца фестываль “У госці да Лепельскага Цмока”. Ён стаў прывабным узорам беражлівых і ўважлівых адносін беларусаў да нацыянальнай культуры, міфалогіі, мясцовых звычаяў і традыцый. Дарэчы, ІІІ фестываль, які адбыўся летась, адкрываў вядомы беларускі музыка і фалькларыст Сяржук Доўгушаў (зноў такі ўраджэнец Аршаншчыны!). А на танцпляцоўцы ён зладзіў чарговы “Спеўны сход”, на якім усе жадаючыя развучвалі разам з ім беларускія народныя песні, у тым ліку і сабраныя Сержуком падчас фальклорнай экспедыцыі па Лепельскім раёне. Дарэчы, паглядзеў праграму сёлетняга IV міжнароднага фестывалю міфалогіі “У госці да Лепельскага Цмока”, які адбудзецца 20 жніўня. Знайшоў там акрамя Сяржука Доўгашава яшчэ і гурт “Лепшы квас”, створаны аршанцамі.
Калі ўжо згадалі помнік Цмоку, дык зусім недалёка ад яго ўсталяваны помнік яшчэ аднаму міфалагічнаму персанажу – Русалцы. Яго зрабіў вядомы беларускі скульптар Ігар Голубеў, аўтар першага ў Беларусі помніка Уладзіміру Караткевічу на яго малой радзіме, ды яшчэ добрага паўдзясятка помнікаў і мемарыльных дошак у Оршы.
Помнік Русалцы ў Лепелі
Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Оршы
Дарэчы, Уладзімір Караткевіч некалькі разоў наведваў Лепельшчыну. Першы раз, відаць, у чэрвені 1966 года, калі разам з Я. Брылём і Р. Барадуліным падарожнічаў па Віцебшчыне. У ліпені 1971 і 1972 года У. Караткевіч (разам з жонкай Валянцінай Браніславаўнай) даследаваў Лепельскі раён у складзе экспедыцыі “Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Са славутым канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Іванавічам Сапегам звязана ўзнікненне сучаснага горада Лепеля. Нездарма і першы помнік яму ў нашай краіне пастаўлены менавіта тут. Цесныя сувязі меў гэты выдатны дзяржаўны дзеяч ВКЛ і з Оршай. Падстаростам Аршанскім быў яго бацька. А сам Леў Іванавіч стаў фундатарам Аршанскага езуіцкага калегіума. Нездарма на фасадзе яго адноўленага будынка змешчаны вялікі роставы партрэт канцлера. Нагадаю, што ў Лепелі Л. Сапега таксама фундаваў каталіцкі прыход Святога Казіміра, побач з якім і “ўзыйшоў” ён на п’едэстал.
Помнік Л. Сапегу. Скульптар Л. Аганаў
Партрэт Л. Сапегі на будынку калегіума ў Оршы
Наступныя гістарычныя постаці таксама “звязваюць” Лепельшчыну з Аршаншчынай. Гэта славутыя філаматы і філарэты Ян Чачот і Тамаш Зан. Яны былі не толькі аднадумцамі і заснавальнікамі тайных рэвалюцыйных таварыстваў у Вільні ў пачатку ХІХ стагоддзя, але і найбольш блізкімі сябрамі. Царскаму ўраду ўдалося выкрыць таварыствы і судзіць іх удзельнікаў. Пасля адбыцця самага суровага пакарання – ссылкі ўглыб Расіі – Тамаш Зан вярнуўся ў Беларусь. У 1844-1846 гадах ён працаваў у Лепельскім павеце інспектарам казённых маёнткаў. Блізка сышоўся тут з сям’ёй Кусцінскіх. Міхаіл Кусцінскі, у той час студэнт Пецярбургскага ўніверсітэта, а потым вядомы археолаг, успамінаў, што Зан быў душой кожнага таварыскага сходу. Сачыняў музыку, песні, у тым ліку на словы паэта Яна Чачота, які таксама жыў і працаваў нейкі час на Лепельшчыне. Праўда, калі пра Я. Чачота ў Лепельскім краязнаўчым музеі згадваецца, дык пра Т. Зана, чамусьці не. А ён, без перабольшвання, быў яркай зоркай на небасхіле беларускага грамадскага і культурнага жыцця першай паловы ХІХ стагоддзя. Нездарма нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага называлі “другім Тамашам Занам”. А далёкі ад сантыментаў Энцыклапедычны слоўнік Гранат заўважыў пра яго: “Чалавек вялікай сілы волі і рэдкай душэўнай чысціні, ён быў кумірам моладзі, лічыўся ўвасабленнем вышэйшых рыс духу і карыстаўся вялікім уплывам”. Застаецца дадаць, што вечны спакой Тамаш Зан знайшоў на Аршанскай зямлі.
Ян Чачот
Тамаш Зан
На пачатку ХХ стагоддзя сувязі паміж гарадамі асабліва не заўважны, бо Лепель быў павятовым горадам Віцебскай губерні, а Орша – Магілёўскай. Нават дарогі напрамкі паміж імі не існавала…
Працяг артыкула заўтра