Папярэдні тэкст тут
Злучыла стальная магістраль
Пасля першага ўзбуйнення БССР (1924 г.) было вырашана пабудаваць чыгунку, якая б злучыла Оршу з Лепелем – апошнім значным населеным пунктам на мяжы з тагачаснай Польшчай, у якую з 1921 года ўваходзіла Заходняя Беларусь. Будаўніцтва магістралі было выклікана неабходнасцю ўмацавання дзяржаўнай мяжы, а таксама неабходнасцю эканамічнага развіцця глыбінных раёнаў БССР. У маі 1925 года Корпус войск шляхоў зносін пачаў будаваць чыгунку Орша-Лепель. Пры пракладцы лініі трэба было перасекчы шматлікія рэкі, ручаі, забалочаныя нізіны, густыя лясы. Аб’ём земляных работ складаў 1,8 млн куб м. Амаль усё рабілася ўручную, меўся адзіны экскаватар ды паўтара дзясятка аўтамашын. Спачатку тэмпы работ былі нізкімі: у будаўнікоў не было вопыту, не хапала тэхнікі і будматэрыялаў. Але ў хуткім часе тэмпы ўкладкі пуці павялічыліся да 1000 м у суткі, а затым да 4,3 кіламетраў. Ужо 1 кастрычніка пачаўся рух рабочых цягнікоў па чыгунцы Орша-Лепель. А 7 лістапада ў Лепелі адбыўся шматлюдны ўрачысты мітынг у гонар заканчэння будаўніцтва. З Оршы прыбыў першы цягнік. На мітынгу прысутнічаў камандуючы Заходняй ваеннай акругай Міхаіл Тухачэўскі. Удзельнікі будоўлі, якія найбольш вызначыліся ў працы, былі ўзнагароджаны спецыяльна ўстаноўленым нагрудным знакам з надпісам: “Орша 1925 Лепель. На память совместного труда работников транспорта и Красной Армии”.
Нагрудны знак “Орша- Лепель”
З 10 сакавіка 1926 года пачалася часовая эксплуатацыя чыгункі Орша-Лепель. А 15 кастрычніка адкрыты пастаянны рух па чыгунцы. Магістраль садзейнічала хуткаму эканамічнаму развіццю гэтага рэгіёна і ўмацаванню абароназдольнасці значнага ўчастка заходняй мяжы.
З Оршы ў Лепель адпраўляецца першы пасажырскі цягнік. 1926 г.
Калі ўжо заканчваць з чыгуначнай тэмай, трэба згадаць імя чалавека, працоўны шлях якога непарыўна звязаны з нашымі гарадамі. Гэта Яўген Паўлавіч Юшкевіч (1915-2001) – вядомы гаспадарчы дзеяч Беларусі, начальнік Беларускай чыгунцы (1969-1981). Ён скончыў Аршанскі чыгуначны тэхнікум. Пачаў працу ў Оршы дыспетчарам. У 1934-1937 гадах працаваў начальнікам станцыі Лепель. У перадваенныя і першыя пасляваенныя гады ён зноў у Оршы – буйнейшым чыгуначным вузле краіны.
Я.П. Юшкевіч
І на сёння чыгунка Орша-Лепель – самы надзейны і танны спосаб дабрацца аршанцам у Лепель, а лепельчанам – у Оршу.
Людзі і лёсы
Маецца аршанская старонка ў біяграфіі знакамітага ўраджэнца вёскі Парэчча Лепельскага раёна паэта і перакладчыка Тодара Тодаравіча Кляшторнага (1903-1937). Пасля службы ў войску ён вучыўся ў Оршы на рабфаку. Першыя творы надрукаваў у 1925 годзе ў часопісе “Аршанскі маладняк”. ”Беларускім Ясеніным” называлі таленавітага паэта, якому жорсткі лёс адмерыў недаравальна малы тэрмін жыцця і творчасці… Орша і Лепель стаяць побач у жыццяпісе чалавека, вядомага далёка за межамі Беларусі. Гэта выдатны савецкі военачальнік, Маршал Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза Іван Ігнатавіч Якубоўскі (1912-1976). Ураджэнец Горацкага раёна ён у 1930-1932 гадах вучыўся ў Аршанскім педагагічным тэхнікуме. Потым звязаў сваё жыццё з Чырвонай Арміяй. З 1935 па 1939 года ён служыў у Бароўцы пад Лепелем. Камандаваў тут танкавым узводам, потым танкавай вучэбнай ротай. Адсюль у верасні 1939 года І. Якубоўскі накіраваўся ў Заходнюю Беларусь. У 2014 годзе на доме №6 у Бароўцы, дзе жыў будучы маршал, усталявана мемарыяльная дошка. Яшчэ раней была ўшанавана яго памяць у Оршы.
Мемарыяльная дошка ў Оршы
Мемарыяльная дошка ў Бароўцы
Пра трагічны лёс яўрэяў Лепельшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны апавядаў у сваёй кнізе “Горечь и боль” (Орша, 1998) гісторык, даследчык Халакосту ў Беларусі, ураджэнец Оршы, а цяпер грамадзянін Ізраіля Генадзь Вінніца. Абапіраючыся на архіўныя матэрыялы і ўспаміны сведкаў, ён падрабязна распавёў пра стварэнне і знішчэнне гітлераўцамі гета ў Лепелі і мястэчку Камень. З Лепельшчынай звязаны ваенны і творчы лёс вядомага беларускага жывапісца, народнага мастака Беларусі, ганаровага акадэміка НАН РБ Віктара Аляксандравіча Грамыкі, чыё імя носіць Аршанская мастацкая галерэя. У час Вялікай Айчыннай вайны ён стаў падпольшчыкам-заслонаўцам, а потым партызанам Смаленскага палка асобага прызначэння Івана Садчыкава. Мужнасць і гераізм байцоў палка ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі адзначыў у сваіх мемуарах “Партызаны прымаюць бой” кіраўнік Полацка-Лепельскай партызанскай зоны Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанок. Пра барацьбу з ворагам на Лепельшчыне ў 1943-1944 гадах распавядае Віктар Аляксандравіч у кнізе успамінаў “Радуга над дорогой” (Мінск, 2000). А калі працаваў у Беларускай акадэміі мастацтваў, вазіў сваіх студэнтаў на летнюю практыку ў вёску Камень, дзе яны пазнавалі прыгажосць і хараство гэтага адметнага кутка Беларусі, шчырасць і адкрытасць яго жыхароў. Сам знаны майстра пэндзля прысвяціў Лепельскай зямлі некалькі твораў.
В. Грамыка. Лепельшчына. 1980. Палатно. алей
Застаецца згадаць, што Лепель быў вызвалены 28 чэрвеня 1944 года ў ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі войскамі 3-га Беларускага фронта. Ураджэнцам Лепеля быў вядомы беларускі журналіст Віктар Іванавіч Пятрушын. Менавіта пры ім аршанская раённая газета “Ленінскі прызыў” (з 1991 г. – “Аршанская газета”) стала адной з найлепшых у краіне, маючы наклад 41,5 тысяч асобнікаў (ні кожны раён нашай краіны мае столькі жыхароў)!
В.І. Пятрушын
Нарадзіўся ён 5 студзеня 1942 года. Пасля заканчэння школы працаваў падсобным рабочым на Лепельскім рыбзаводзе (дарэчы, яго згадваў Уладзімір Караткевіч у сваім знакамітым нарысе “Зямля пад белымі крыламі”). Пачаў пісаць у мясцовую газету “Калгасная праўда” (цяперашні “Лепельскі край”). У хуткім часе ўладкаваўся туды літсупрацоўнікам. Скончыў завочнае аддзяленне журналістыцы БДУ. Быў прызначаны загадчыкам ці не самага важнага тады сельгасаддзела газеты. З 1965 па 1970 год працаваў першым сакратаром Лепельскага райкама камсамола. Потым ягоны працоўны шлях быў звязаны з перыядычным друкам Віцебшчыны. А з 1981 па 1995 год ён рэдагаваў аршанскую раёнку. Памёр ён у 2015 годзе. Няскончаным, на жаль, застаўся аўтабіяграфічны раман, які Віктар Іванавіч пісаў апошнія гады жыцця. Ужо колькі год звязаны з Лепельшчынай творчы лёс вядомага аршанскага мастака, сябра БСМ Барыса Георгіевіча Іванова. Ён жыве і працуе ў вёсцы Заазёрная, апошнім часам робіць сапраўды ўнікальны мастацкі праект пра людзей гэтага края, аб чым распавядаў у адной з апошніх перадач “Аўтаспынам па Беларусі” на канале Белсат. На заканчэнне зазначу, што тут згаданы толькі тыя падзеі і людзі, якія аўтару добра вядомы. Спадзяюся, пра галоўнае напісана.
Вуліца Лепельская ў Оршы
І апошняе, ёсць у Оршы вуліца Лепельская (якраз ідзе ўздоўж чыгункі), а ў Лепелі – вуліца Аршанская. На жаль, пабываць на ёй мне не хапіла часу, таму, спадзяюся, будзе нагода наведаць Лепель яшчэ раз...
Віктар Лютынскі, фота аўтара і Уладзіміра Вашчука