Папярэдні тэкст тут
За савецкім часам
Першая згадка пра сувязі двух гарадоў у савецкую эпоху прыпала на апошні перадваенны год. Так, летам 1940 года ў Оршы з поспехам прайшлі гастролі Полацкага калгасна-саўгаснага тэатра. А праз год грымне Вялікая Айчынная вайна... Святой стане для гараджан памяць пра яе. У 1966 годзе ў Полацку, першым горадзе Беларусі, будзе насыпаны рукатворны Курган Бессмяротнасці. Другім горадам, дзе месцічы зробяць падобнае, стане Орша. 9 мая 1966 года тут будзе ўрачыста адкрыты свой Курган Бессмяротнасці.
Курган Бессмяротнасці ў Полацку
Курган Бессмяротнасці ў Оршы
А праз некалькі год пачнецца так званае сацыялістычнае спаборніцтва паміж Оршай і Полацкам. Паказчыкамі, якія будуць параўноўваць, стануць дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Вынікі спаборніцтва рэгулярна падводзіліся на старонках аршанскай газеты “Ленінскі прызыў”. Тоны і метры выпушчанай прадукцыі стануць галоўнымі аргументамі ў тым спаборніцтве. Па ўспамінах Валянціна Цімафеевіча Пімчанкава, які ў 1970-1980-я гады працаваў намеснікам старшыні Аршанскага гарвыканкама, аршанцы часта ездзілі да палачан у госці, удзельнічалі ў розных юбілейных мерапрыемствах, абменьваліся здабыткамі ў розных сферах жыцця. Па большасці станоўчых паказчыкаў у спаборніцтве, – зазначае ён, – лідзіравала Орша, хіба толькі ўзровень злачыннасці быў у нас вышэйшым. Але ў чым у чым адзін горад у другога мог паспрачацца ў 1960-я гады за пальму першынства дык гэта ў неразумных адносінах да сваёй гісторыка-культурнай спадчыны. Хіба што ў Полацку яна была нашмат багацейшай, таму больш і захавалася яе да нашага часу. Самы знакаміты ўраджэнец Оршы Уладзімір Караткевіч у адным са сваіх ранніх вершаў “Калумбы зямлі нязнаемай” абураўся з гэтай нагоды:
Што вам да тых вялікіх Калумбаў,
Якія край ваш вам адкрываюць?
Пыляцца кнігі іхнія ў крамах,
Забыццю аддалі старыя карціны,
На вежах разбураных полацкіх храмаў
Шыльда: "Распівачна і на вынас".
На ўсё адпіска. Музей? Пачакаем.
Збор вышывак. Некалі прымем меры.
Аддзел этнаграфіі? Як жа, ствараем.
Помнікі бураць. Праверым, праверым.
Што ім з таго, што за кнігу і слова
Народ сем стагоддзяў ставаў у стрэмя?!
Не любяць Радзімы, не любяць мовы.
Хлопы! Іваны без роду, без племені!
Што ж дзіўнага, адукаваныя дамы,
Што вы ў захапленні ад нейкіх пасатаў,
Хамы лічаць заўсёды "хамскім"
Матчыну песню і матчыну хату.
Але потым Полацку вельмі пашанцавала на людзей, якія за адносна невялікі час (у 1990-я гады) адчынілі ў горадзе звыш дзесятка рознапрофільных музеяў з цікавымі экспазіцыямі, якія аб’яднаны цяпер у Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. Самые цёплыя ўспаміны засталіся ў мяне пра яго першага дырэктара Мікалая Ільніцкага (на вялікі жаль, ужо нябожчыка), якому ўдалося стварыць выдатны калектыў аднадумцаў, улюбёных у музейную справу і свой родны горад. І Оршы, скажам шчыра, тут далёка да палачан.
У. Караткевіч каля Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы ў Полацку. Фотоздымак 1972 г.
Але ж вернемся да У.Караткевіча, які неаднойчы бываў у горадзе, “дзе Сафія плыве над Дзвіною нібы карабель”, згадваў у сваіх творах Полацк і найперш яго самага знакамітага сына – першадрукара і асветніка Францыска Скарыну. У нарысе “Зямля пад белымі крыламі”, распавёўшы пра сталіцу Беларусі горад Мінск, пісьменнік заўважыў: “Хай не крыўдуюць абласныя гарады, але раней за іх успомнім горад, які заслужыў гэтага паважным векам, хай сабе і ходзіць зараз у раённых цэнтрах. Гэта Полацк”. Свой расповяд пра горад ён назваў “Полацкія фрэскі”. Пераказваць яго не буду. А раю ці першы раз, ці не першы зазірнуць у кнігу. Не пашкадуеце.
Прайду па Полацкай
І хоць у 1960-1980-я гады Оршу і Полацк звязвала цеснае супрацоўніцтва (хай сабе і ў выглядзе сацыялістычнага спаборніцтва), тапанімічных адзнак яго на мапах абодвух гарадоў асабліва й не засталося. У Полацку знайшоў толькі вуліцу, якая названа ў гонар легендарнага Канстанціна Заслонава. У Оршы, хоць і на самой далёкай ускраіне (на Сельгастэхніцы), ёсць вуліца Полацкая. “Адзначаны” вуліцай і Францыск Скарына. Вуліца імя ўсходнеславянскага першадрукара “са слаўнага места Полацка” з’явілася дзесьці ў пачатку 1960-х гадоў. У гонар яго была тады перайменавана вуліца Лагерная (у Задняпроўі). Праўда, тады яна была названа імем Георгія Скарыны. І цяпер дзе-нідзе ёсць шыльды з гэтым імем. Застаецца спадзявацца, што надыйдзе час, калі замест імён розных бальшавісцкіх правадыроў, лёс якіх ніякім чынам не быў звязаны з Оршай, нашы вуліцы будуць названы імёнамі славутых сыноў і дачок Беларусі, у тым ліку і імёнамі ўраджэнцаў Полацкай зямлі, якімі ганарыцца беларуская нацыя – Святой Еўфрасінні Полацкай, асветніка і паэта Сімяона Полацкага, пісьменнікаў Яна Баршчэўскага і Уладзіміра Арлова, заснавальніка беларускага кінематографа рэжысёра Юрыя Тарыча…
Помнік Усяславу Чарадзею. Скульптар У. Піпін. Фота 2005 г.
З’явяцца ў недалёкім будучым на аршанскіх вуліцах ды плошчах і помнікі гістарычным асобам і дзеячам культуры, якія спрычыніліся да нашай супольнай гісторыі. Найперш знакамітаму князю Усяславу Чарадзею. Трэба згадаць, што своеасаблівы помнік яму аўтарства Уладзіміра Піпіна – у выглядзе ваўка – некалі, пасля аднаго з пленэраў, з’явіўся на штучным востраве на Аршыцы. Але падчас падрыхтоўцы да “Дажынак-2008” ён некуды “знік”. Дарэчы, аўтарам помніка Святой Еўфрасінні ў Полацку з’яўляецца скульптар Ігар Голубеў, які зрабіў значны ўнёсак і ў манументальную спадчыну Оршы. Менавіта ён – аўтар помнікаў Уладзіміру Караткевічу і воінам-інтэрнацыяналістам, мемарыяльных дошак Спірыдону Собалю і Івану Флёраву.
Полацк. Сафійскі сабор. Мастак Юрый Крыкаў. 1985 г.
Зразумела, што нашыя гарады звязваюць яшчэ шматлікія сувязі паміж прамысловымі прадпрыемствамі, арганізацыямі ды й і тыя ж сваяцкія паміж звычайнымі месцічамі. Усё й не пералічыць… 1150-годдзе Полацка Полацка адзначала напрыканцы мая – пачатку чэрвеня 2012 гаду ўся краіна. Былі тады на свяце і прадстаўнікі нашага горада. Сярод іх і навучэнцы Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. Яны ўдзельнічалі ў святочным кірмашы (гандлёвыя рады расцягнуліся больш чым на кіламетр), наведалі музеі і памятныя мясціны горада.[/p
Навучэнцы Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа на святкаванні 1150-годдзя Полацка
Свае сціплыя нататкі пра полацка-аршанскія сувязі хочацца завершыць словамі з цудоўнай кнігі “Люблю Беларусь” ураджэнца Оршы, пісьменніка і публіцыста Паўла Севярынца: “Сёння камусьці можа падацца, што Полацк ужо састарэў. Згорбіўся, зьніякавеў, задрамаў. Толькі белая-белая Сафія засталася шчылінкай сьвятла ў прычынённых дзьвярах. Але дастаткова ўвайсці ў гэты горад, прыслухацца да яго, ціхага й містычнага, каб зразумець: гэта не маўчаньне. Гэта чаканьне, якое бывае ў царкве ці касцёле перад набажэнствам. Для Новае Беларусі Полацк ня проста “старажытны”, “гістарычны”, “легендарны”. Полацк застаецца вялікім Пачаткам, Горадам-храмам, у які нацыі наканавана вяртацца зноў і зноў”.
Віктар Лютынскі