Інфармацыя пра адмену ў Оршы канцэрта Сяржука Доўгушава стала сапраўднай сенсацыяй у сферы культуры. Улічваючы, што сёння забароны канцэртаў беларускіх артыстаў, тым больш, такога ўзроўню - рэдкасць, гэтая інфармацыя за дзень разляцелася па ўсіх найбольш папулярных інтэрнэт-СМІ краіны. І рэзананс вакол тэмы працягвае нарастаць. Сёння інфармацыя пра канцэрт з'явілася на самым папулярным сайце краіны tut.by. Пры такім інтарэсе, да Доўгушава пастаянна звяртаюцца журналісты за каментарамі і ён нікому не адмаўляе. Іншая сітуацыя з Аршанскім аддзелам кульутры. Ствараецца ўражанне, што Ганна Святлова як начальніца аддзела вырашыла перачакаць.
Так, яшчэ ўчора 31 студзеня, калі стала вядома пра адмену канцэрту, да Ганны Аляксандраўны паспрабавалі дазваніцца супрацоўнікі культурніцкай ініцыятывы "Арт-сядзіба", якія займаюцца шэрагам папулярных суполак у сац.сетках прысвечаных культуры. Дазваніўшыся па нумарах, якія ўказаныя на сайце выканкаму, яны папрасілі звязаць іх з начальніцай, на што атрымалі пытанне: "А вы з Оршы?". Званіўшыя, сапраўды, былі ўраджэнцамі Оршы. Званіўшыя задалі лагічнае пытанне: "А калі б не з Оршы, то нешта змянілася б?". Адказ быў прыблізна такім: "Не, нічога не змянілася б, але Святлова зараз занятая. Званіце пазней".
"Пазней" ужо 1 лютага спрабуюць дазваніцца да Ганны Аляксандраўны журналісты шэрагу іншых СМІ, напрыклад, Радыё Свабода. А журналісты Беларускага Радыё Рацыя спрабуюць дазваніцца з тым, каб запрасіць Ганну Святлову разам з Доўгушавым пагаварыць у прамым эфіры, але і тут безпаспяхова (па стане на 13-00). У дзяржаўных СМІ рэакцыі аддзела культуры па пытанні адмены канцэрту па стане на 13-30 1 лютага таксама не з'явілася.