У Менску адбыліся провады нацыянальнай зборнай Беларусі на Зімовыя Алімпійскія гульні, якія адбудуцца ў паўднёвакарэйскім Пхёнчхане. Большая група спартоўцаў, у якой знаходзіўся і Сяргей Далідовіч, адправілася ў Карэю з штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэту.
Яшчэ ў Беларусі аршанца напаткала навіна пра тое, што Спартовы арбітражны суд у Лазане здаволіў апеляцыю 28 расейскіх спартоўцаў, скасаваўшы вердыкт МАК аб іх пажыццёвай дыскваліфікацыі за прыём допінгу. У ліку рэабілітаваных лыжнікі Максім Вылягжанін і Андрэй Лягкоў, якім афіцыйна вернутыя медалі Алімпіяды-2014 у Сочы. Такім чынам, Далідовіч не атрымае бронзавага медаля той Алімпіяды, пасля рашэння Лазанскага суда ён зноў стаў 5-м у той марафонскай гонцы на 50 кіламетраў. Тым не менш, гэта найлепшы вынік у кар’еры Сяргея Далідовіча.
На провадах нацыянальнай зборнай прысутнічалі і журналісты, “Радыё Свабода” зрабіла некалькі фотаздымкаў і з Сяргеем Далідовічам.
А журналісты спартовага сайту “Трыбуна” карцінкай аформілі цікавае назіранне – знакаміты аршанскі спартовец пераўзыходзіць прэзідэнта краіны Лукашэнку! У таго Зімовая Алімпіяда ў Пхёнчхане будзе 6-й падчас прэзідэнцтва, а ў Далідовіча ўжо 7-я! Аршанец трапіў з гэтым дасягненнем у Кнігу рэкордаў Гінэса.
Урачыстая цырымонія адкрыцьця Гульняў-2018 пройдзе 9 лютага, ужо афіцыйна запрацавала Алімпійская вёска. Агулам у заяўцы беларускай каманды 32 атлеты — па 16 мужчын і жанчын, якія выступяць у шасьці відах спорту.
Біятлон. Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, Дынара Алімбекава; Уладзімер Чапелін, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей, Раман Ялётнаў, Антон Смольскі. Трэнэры: Юры Альберс, Фёдар Свабода, Альфрэд Эдэр.
Гарналыжны спорт. Юры Данілачкін, Марыя Шканава. Трэнэр: Ежы Малуш.
Канькабежны спорт. Марына Зуева, Тацяна Міхайлава, Ксенія Садоўская; Ігнат Галавацюк, Віталь Міхайлаў. Трэнэр: Сяргей Мінін.
Лыжныя гонкі. Сяргей Далідовіч, Юры Астапенка, Міхаіл Сямёнаў, Аляксандр Воранаў; Юлія Ціханава, Паліна Сераносава, Анастасія Кірылава, Валянціна Камінская. Трэнэры: Іван Лістапад, Віктар Камоцкі, Аляксандар Лазуткін.
Фрыстайл-лыжная акрабатыка. Антон Кушнір, Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Ала Цупер; Ганна Гуськова, Аляксандра Раманоўская. Трэнэры: Мікалай Казека, Аляксандар Пенігін, Міхаіл Курловіч, Мікіта Пермякоў.
Шорт-трэк. Максім Сяргееў. Трэнер: Людміла Сяргеева.
Orsha.eu жадае беларускім спартоўцам поспеху на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане і будзе адсочваць падзеі і вынікі.