Музычны гурт з Магілёва "Akute" (Акутэ) быў заснаваны ў 2008 годзе былымі ўдзельнікамі гурта "Глюкі" — вакалістам і гітарыстам Стасам Мытнікам і бас-гітарыстам Раманам Жыгаравым. Тэматыка песень у асноўным каханне. У свой час аказалася, што нават у выступах такога гурта можна знайсці нешта крамольнае і не даць яму выступіць.
Мэнэджэр гурта Уладзімір Булаўскі адзначыў, што для арганізацыі выступу яму некалькі разоў даводзілася самастойна ездзіць у Оршу, каб сустрэцца з кіраўніком аддзелу культуры. Аднак ён не драматызуе сітуацыю, кажучы, што першы канцэрт калектыву ў лістападзе 2014 года прайшоў амаль без складанасцяў.
Адзінае, што давялося шмат часу патраціць на тлумачэнне таго, што "Akute" абсалютна нармалёвы гурт. Тады спадарыня Святлова адкрыта сказала: "Я не думаю, што ваш гурт будзе цікавы аршанскай моладзі". Рэчаіснасць аказалася зусім іншай, і на канцэрт прыйшлі больш за 150 аршанцаў. Значыць, гурт іх сапраўды зацікавіў. Першы канцэрт прайшоў паспяхова і спадабаўся ў тым ліку самім музыкам.
А другі канцэрт, які планаваўся праз год, ужо не далі праводзіць пад надуманай прычыне рамонту даху ў Гарадскім цэнтры культуры, хаця перад гэтым з дырэктаркай ГЦК абсалютна без праблемаў былі вызначаныя дата і час правядзення, умовы.
Фота 34Mag.
Нагадаем, што ў Оршы ідэолагам Ганнай Святловай, адказнай за сектар культуры, быў без тлумачэнняў забаронены канцэрт Сержука Доўгушава і Аляксандра Ясінскага з прэзентацыяй альбома "Дарогі". У іншых гарадах большасць выступаў ладзяцца якраз у дзяржаўных установах і ніякіх пытанняў не паўстае. Тур стартаваў 6-га лютага ў Баранавічах, канцэрт у Дзіцячай школе мастацтваў сабраў больш за сотню чалавек і прайшоў з поспехам.