18:00

-5

6 м/с

1004 гПа

21:00

-6

5 м/с

1004 гПа

00:00

-7

4 м/с

1003 гПа

03:00

-6

6 м/с

1000 гПа

06:00

-6

7 м/с

997 гПа

Орша, Культура

Прыгожая легенда

19.02.2018 09:27

3732 просмотра, 22 комментария

Да 100-годдзя з дня нараджэння П.М.Машэрава

У кніжных крамах з’явіўся важкі том новага выдання кнігі вядомага пісьменніка і журналіста Славаміра Антановіча пра першага сакратара ЦК КПБ у 1965-1980-х гадах Пятра Міронавіча Машэрава. Кніга названа гістарычным раманам, хаця гэта перш за ўсё дакументальны твор панегірычнага зместу. Гэта можна зразумець, нават не чытаўшы тэкст, а толькі паглядзеўшы ілюстрацыі. І ўсё ж, азнаёміўся ў бібліятэцы з першым выданнем гэтай кнігі (Масква, 2011).

У 1998 годзе, упершыню за гады незалежнасці шырока адзначаўся 80-гадовы юбілей Пятра Машэрава. Як і ў былыя савецкія часы ладзіліся выставы і ўрачыстыя сходы, публікаваліся артыкулы, праводзіліся лыжныя прабегі і сустрэчы з людзьмі (у асноўным былымі партыйнымі і савецкімі функцыянерамі), якія былі асабіста знаёмы з П. Машэравам (як калісь ці з тымі, хто бачыў Леніна). Магчыма, тагачасныя прапагандысты хацелі спраецыраваць павагу і добрую памяць аб ім, якая захавалася ў старэйшых пакаленняў, на кіраўніцтва дзяржавы. Але, здаецца, дарэмна. Па-першае, усялякае параўнанне «кульгае», а, па-другое, яно далёка не на карысць апошняга. Так, у газеце «Віцебскі рабочы», якую зусім нельга было западозрыць у апазіцыйнасці (і якая пазней «мирно почила в бозе»), быў надрукаваны артыкул «Так много сделать он не успел» (13 лютага). У ім былы партыйны і савецкі работнік з Оршы Браніслаў Ляошка ўспамінаў пра сустрэчы з П. Машэравым. І перад чытачамі паўстае вобраз чалавека надзвычай сціплага, добразычлівага і спагадлівага. Чалавека, які, напрыклад, сам расплачваўся за абед у рэстаране. Б. Ляошка піша: «Внимание к людям, выдержка и многие другие лучшие человеческие качества выгодно отличали Петра Мироновича от многих руководящих работников. Мне не раз приходилось присутствовать на республиканских совещаниях, активах, и я никогда не слышал от него резких, а тем более оскорбительных выражений в адрес кого-либо из присутствовавших, в то время как другие чиновники позволяли себе это. Так было и в Орше, которую Петр Миронович посещал довольно часто, как, кстати, и другие регионы. Но его рабочие поездки, в отличие от визитов нынешних руководителей, так широко не афишировались». Сапраўды, сучасныя сродкі масавай інфармацыі, у першую чаргу телебачанне і Інтэрнет «прызямляюць» правадыроў, якія ў савецкі час лічыліся нейкімі «небожителями», бо раптоўна спускаліся з нябёсаў на верталёце ды пра іхняе асабістае жыццё народ звычайна нічога не ведаў. Калі разважаеш пра кіраўнікоў Беларусі розных часоў, заўсёды ўспамінаецца легенда, узнікшая ў 30-я гады ХІХ стагоддзя і пераказаная Уладзімірам Караткевічам у нарысе «Зямля пад белымі крыламі», пра тое, як некалі Бог дзяліў землі між народамі і, надзяліўшы беларусаў усемагчымымі дабротамі, ледзь не стварыў ім рай. Але святы Мікола параіў даць ім ўзамен «найгоршае ва ўсім свеце начальства». Здаецца, легенда гэта – не столькі фальклорны твор, колькі створана яна бязмернай фантазіяй самога пісьменніка, вымушанага карыстацца эзопавай мовай. Бо якое ж начальства было ў беларусаў на працягу іхняй гісторыі да 1918 года, калі яны не мелі ўласнай дзяржавы (калі не лічыць Полацкага княства ды ВКЛ, дзе сярод уладароў рэдка сустракаліся недалёкія людзі)? А ўжо ў 1830-я гады Беларуссю, падзеленай на губерні, кіравалі саноўнікі, прызначаныя царом, і былі яны, можа й не самымі лепшымі, але не заўсёды горшымі за іншых. Ну а тонкі намёк на тое, што Савецкай Беларуссю ў 1970-я гады можа кіраваць найгоршае ў свеце начальства, у тагачасных партыйных кіраўнікоў рэспублікі прымаць на свой кошт не было і ў думках. Мабыць, таму пільная цэнзура і прапусціла гэты ўрывак. Відаць, яшчэ не настаў час, калі ацэнку дзяржаўным дзеячам будуць даваць не сучаснікі, а наступныя пакаленні, якія больш аб’ектыўна, усебакова і дэталёва разгледзяць іх вартасці і дасягненні, недахопы і памылкі. Дысанансам з тым панегірычным патокам, які літаральна запаланіў тады дзяржаўную прэсу, будзе ўрывак з успамінаў «На таку майго веку» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, надрукаваны ім у кнізе «Аратай, які пасвіць аблокі» (1995). Адважымся прывесці яго цалкам: «Партапарату патрэбна была прыгожая легенда, і яе зрабілі не без дапамогі пісьменнікаў. Легендай гэтай быў Машэраў. Называлі, як Хрушчова і Брэжнева, па імю і па бацьку – Пётр Міронавіч, пашанлівае «наш дарагі» па рангу яму не належыла, бо прызначалася толькі для крамлёўскіх правадыроў. Гэта пры Пятру Міронавічу Беларусь здавала два планы ў засекі імперыі, гэта пры Пятру Міронавічу фактычна ўсе школы пераведзены былі на мову «межнациональных сношений», арганізавана было паляванне на ведзьмаў нацыяналізму ў Акадэміі навук, гэта пры Пятру Міронавічу канчаткова вывелі з ужытку беларускую мову ва ўсіх установах, нават экскурсаводам забаранялася весці экскурсіі на беларускай мове. Можна доўга працягваць пералік заслуг Пятра Міронавіча перад нацыяй. Чаго толькі варта бязмозгла-планавае асушэнне балот, насаджэнне шкодных для здароўя людзей хімічных гігантаў у ацалелых яшчэ ўнікальных кутках прыроды, у гарадах, багатых на гістарычныя помнікі. Кажуць, што да канца дзён сваіх замінаў ягонаму погляду ў светлую будучыню Чырвоны касцёл у Мінску, бо хацеў бачыць горад цалкам сацыялістычным. Любіў Пётр Міронавіч сустрэцца з пісьменнікамі, паездзіць па паказушных калгасах, паабедаць на Нарычы…» Дарэчы, С. Антановіч зазначае: «А как он (П. Машэраў – В.Л.) радовался звонкому слову Рыгора Бородулина и жалел, что редко его слышит!..»

Прагледзеў ладны том «Избранных речей и статей» П. Машэрава, выдадзены ў 1982 годзе ў Мінску. Ён захаваўся ў хатняй бібліятэцы (ужо не памятаю, як ён там апынуўся; дзіўна, але С. Антановіч адзначае, што «по «известным причинам», – он так и не попал в продажу» (? – В.Л.)). Магчыма, з дзяржаўных яго павыкідвалі ў пачатку 1990-х гадоў разам з іншымі творамі «класікаў марксізму-ленінізму» накшталт Брэжнева, Суслава і г.д. У прадмове П. Машэраў пакуль яшчэ названы толькі «видным» дзеячом кампартыі і савецкай дзяржавы, цяпер жа ў Беларусі гэта эпітэт змяніўся на «выдающийся», які раней пасаваўся выключна генсекам-герантакратам. Уражанне ад кнігі засталося, на жаль, сумным. Час, як вядома, усё расстаўляе на свае месцы. Шматгадовы кіраўнік Беларусі ўсе свае прамовы, нават прысвечаныя значным падзеям у жыцці рэспублікі, рабіў па-руску. На беларускай мове ў кнізе ўсяго два радкі, і то цытуецца ўрывак з верша Аркадзя Куляшова: «Я хачу, каб называўся камуністам / Родны сын мой, а таксама сынаў сын» (дарэчы, у самога Машэрава былі дзве дачкі, адна з іх, Наталля, мела намер у 2001 годзе нават паспрачацца за пасаду прэзідэнта. Але знялася яшчэ на стадыі збору подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдата). Ні разу на 600 старонках не згадваюцца знакавыя постаці беларускай гісторыі і культуры Францыск Скарына і Кастусь Каліноўскі. Пра славутую асветніцу і заступніцу зямлі беларускай Еўфрасінню Полацкую ўпамінаецца ў кантэксце крытыкі асобных навукоўцаў, у творах якіх «проявились отголоски внеклассового объективизма, идеализации отдельных богословов как выдающихся деятелей». Так, сённяшнія чыноўнікі-«богашукальнікі», якія стаяць са свечкамі на святы ў храмах, атрымалі б ад Пятра Міронавіча суровы адлуп, бо «борьба с религиозными предрассудками – это часть нашей работы по формированию научного мировоззрения у всего советского народа, это борьба за судьбы людей, попавших в сети духовного дурмана, за чистоту представлений и идеалов каждого советского человека».

П. Машэраў і Л. Брэжнеў. Фота 1978 г.

Затое амаль на кожнай старонцы кнігі цытуецца «дорогой Леонид Ильич». Толькі ў непрацяглай прамове на ўрачыстым сходзе, прымеркаваным да ўручэння Мінску ордэна Леніна і «Залатой Зоркі» горада-героя (1978 год), Брэжнеў згадваецца ажно 15 разоў! Ды і тут Пятру Міронавічу ва ўсхваленні крамлёўскага старца было далёка да празмерна насычаных ліслівасцю прамоў ягоных таварышаў па «ленінскім палітбюро» Г. Аліева і Э. Шэварнадзэ (потым, дарэчы, яны стануць кіраўнікамі незалежных Азербайджана і Грузіі, а Аліеў нават перадасць уладу сыну). Зразумела, гэта была даніна часу і абставінам. Між тым, чалавеку, народжанаму пасля смерці П. Машэрава, знаёмства з ягонымі творамі дазволіць зрабіць выснову: гэта быў звычайны партыйны чыноўнік высокага рангу, якога адрознівалі ад астатніх залішняя эмацыянальнасць, напышлівасць стылю і красамоўства (праўда, толькі ў час «перабудовы» мы даведаліся, што нават мастацкія і аўтабіяграфічныя творы за партыйных бонзаў пісалі іх рэферэнты ці, як зараз іх называюць, спічрайтэры). Сапраўды, П. Машэраў значна вылучаўся з лепшага боку сярод той шэрай, інтэлектуальна нікчэмнай партыйнай бюракратыі, якая панавала ў Крамлі ды на палітычным алімпе БССР, сваёй няўрымслівасцю, працалюбствам, прынцыповасцю, асабістай сціпласцю, шчырай адданасцю камуністычнай ідэі (хоць невядома, як бы аднёсся ён да «перабудовы» і наступных падзей, пражыві колькі гадоў, як ягоныя паплечнікі па партыйнаму кіраўніцтву). Ды і спадкаемцы Машэрава на пасадзе першага сакратара ЦК КПБ – тая ж бязлікасць і шэрасць. І калі іх напаткала смерць фізічная (Кісялёў) або палітычная (Слюнькоў, Сакалоў, Малафееў), яны засталіся толькі ў памяці тых, якія цікавяцца сучаснай гісторыяй. Для беларускага народа яны – «белыя плямы», а хутчэй, пустыя месцы. І П. Машэраў у гэтых адносінах на галаву вышэй іх усіх разам узятых. Яшчэ больш узвысіла яго ў вачах людзей раптоўная, недарэчная гібель, бо яго бяспека каштавала дзяржаве і народу зусім няшмат.

Фрагмент экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

П. Машэраў – сапраўдны Герой Савецкага Саюза. «Залатую Зорку» ён атрымаў не да чарговага юбілею, а змагаючыся з жорсткім і каварным ворагам – гітлераўскім фашызмам. Званне Героя Сацыялістычнай Працы і сем ордэнаў Леніна – яскравы паказчык ягонай самаадданай працы на карысць Савецкай Беларусі ды на ўмацаванне камуністычнай сістэмы, у якую ён безаглядна верыў. І тое, што яна павалілася амаль у адначассе, мяркую, было б ягонай асабістай трагедыяй. П. Машэраў заняў пачэснае месца ў пантэоне герояў былой вялікай Савецкай краіны. Але рабіць з яго менавіта нацыянальнага героя Беларусі, на маю думку, досыць спрэчна. Як, дарэчы, да яго сталі адносіцца з пачатку 2000-х гадоў, сведчаць перайменаванне праспекта Машэрава ў Мінску ды вельмі сціплая экспазіцыя пра яго ў новым будынку Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А аб’ектыўную ацэнку дзейнасці Пятра Машэрава дадуць, відаць, ужо наступныя пакаленні грамадзян Беларусі, незалежнасць якой магла яму прысніцца толькі ў страшным сне.

Віктар Лютынскі

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Прыгожая легенда

Да 100-годдзя з дня нараджэння П.М.Машэрава

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение