Аршанскае моладзевае грамадскае аб'яднанне "Звяз" на мінулым тыдні аб’явіла, што гатовае выкупіць дом Караткевіча для стварэння там культурніцкай прасторы, якой так не стае ў Оршы. Некаторыя дзеячы беларускай культуры ў сваіх допісах у сацыяльных сетках заявілі пра падтрымку дадзенага праекту. Аднак перамоўны працэс яшчэ ідзе, і трэба вырашыць шмат пытанняў. Дом быў выстаўлены на продаж унучатай пляменніцай Уладзіміра Караткевіча, якая зараз жыве ў Адэсе.
Варта дадаць, што дом не ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. І не ўсе дзеячы культуры лічаць, што дом вялікага пісьменніка з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, якую варта зберагчы для нашчадкаў і надаць дому асаблівы статус. Загадчыца музею Караткевіча Ліна Гатоўская ў інтэрв’ю выданню “Спутнік. Беларусь” заявіла:
Асабіста я лічу, што гэты дом не мае вялікай гістарычнай каштоўнасці. У горадзе ёсць музей Караткевіча, куды ўсё прыносяць дакументы, прадметы, фатаграфіі, а ў хаце жывуць кватаранты.
Менавіта ў гэтым доме па былой вуліцы Касманаўтаў (цяпер — Караткевіча) Уладзімір Караткевіч напісаў адзін з найбольш знакамітых раманаў у беларускай літаратуры “Дзікае паляванне караля Стаха”. Сюды прыязджалі і сябры пісьменніка, у прыватнасці Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.