Даследчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Юрка Копцік кажа, што на шыльду, якая з'явілася на камені на Кабыляцкай гары, варта было дадаць польскую, літоўскую і латышскую мовы, бо тут расстрэльвалі і прадстаўнікоў гэтых нацый. А ў цэлым краязнаўца кажа, што ў беларусаў спрадвеку камень часта сам па сабе выступаў знакавым месцам. І цяпер камень сам па сабе выступае помнікам, што зразумела і без шыльды.
Таксама Юрка Копцік лічыць, што спрэчкі і падзел у нашым грамадстве на праваслаўныя і каталіцкія Дзяды не мае сэнсу. З беларускай этнаграфіі выдатна вядома, што гэтае свята не прынесенае з-за мяжы, яно адзначалася нашымі продкамі спрадвеку, задоўга да прыходу на беларускія землі хрысціянства.
Восеньскія Дзяды неправамоцна падзяляць на каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія ці яшчэ нейкія. Дзяды, як і Радаўніца, Купалле, Каляды – гэта спрадвечна паганскія святы нашага народу. І кожны па-свойму мусіць памянуць у гэты дзень сваіх дзядоў, прадзедаў. Я наогул супраць усялякіх шыльдаў на такіх месцах. Ёсць камень. Паводле традыцыі, на ім не павінна быць ніякіх надпісаў, ён сам па сабе помнік.