Католікі, грэка-католікі і пратэстанты святкуюць адно з найбольш важных у хрысціянстве святаў — Божае Нараджэнне. Ва ўсіх беларускіх храмах гэтых канфесій праходзяць урачыстыя набажэнствы. Рэдакцыя сайта Orsha.eu са шчырасцю ў сэрцы віншуе вернікаў з вядікім святам!
Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пастырскім пасланні да вернікаў адзначыў, што "прыйсце Бога ў чалавечым целе ў наш грэшны свет з мэтай яго збавіць" стала "паваротным пунктам у гісторыі чалавецтва", а таксама "адкрыла яму новы далягляд і дало новую надзею, нават насуперак надзеі. Бог не пакінуў чалавека аднаго з яго бядой, але паспяшаўся яму на дапамогу. На гэтую ласку бязмежнай любові Бога да чалавека мы таксама пакліканы адказаць узаемнай любоўю да Бога", — гаворыцца ў пасланні.
Мітрапаліт Кандрусевіч запытвае: ці гатовыя прыняць праўду ўцелаўлення Бога людзі ХХІ стагоддзя, якія ўсё больш абмяжоўваюцца "сваімі інтарэсамі, пошукам прыемнасцяў, імкненнем да ўлады і багацця", давяраючыся толькі "дасягненням розуму, развіццю навукі і тэхналогіі".
"Сучасны свет, а асабліва Еўропа, усё больш секулярызуецца, адмаўляецца ад Бога і хрысціянскіх каштоўнасцяў, — адзначаецца ў пасланні. — Прымаюцца супярэчныя Божаму закону і духу Евангелля законы. Не шануецца Богам створаны інстытут сям`і. Самыя новыя дасягненні генетыкі выкарыстоўваюцца для маніпуляцыі з найбольш каштоўным Божым дарам, якім з`яўляецца дар жыцця. Вядзецца прапаганда згубнай гендарнай ідэалогіі, якая адкідае праўду аб тым, што Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну, і сцвярджае, што пол чалавека залежыць ад культурных абставін, у якіх ён жыве, і таму можа змяняцца. Гэтым самым яна пераварочвае Богам створаны парадак дагары нагамі. Парушаюцца прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Тэрарызм і гібрыдныя войны становяцца новай пагрозай. Вялікай праблемай з`яўляецца міграцыя. Сучасная культура і СМІ замест таго, каб умацоўваць духоўная каштоўнасці, іх абвяргаюць".
Арцыбіскуп лічыць, што свет перажывае "нябачаны раней крызіс веры", калі "завуалявана абмяжоўваецца яе публічнае праяўленне", а сама яна ўсё часцей "зводзіцца да прыватнай сферы". У выніку людзі "губляюць надзею і перастаюць верыць у сваё вечнае прызначэнне".