Ужо з вечару 6-га студзеня служыцца павячэрняя, а потым, як правіла апоўначы, належыць спраўляць літургію Яна Златавуснага. Так святкуюць Раство, прыход Хрыста-збаўцы ў свет, праваслаўныя вернікі ў Беларусі. Нашы продкі, якія спавядалі паганства, 6-га студзеня святкавалі Вялесаў дзень, дзень аднаго з вярхоўных багоў. Гэты дзень застаўся адметным у календары беларусаў і з прыходам на нашыя землі хрысціянскай веры. Людзі гатуюць на святочны стол і збіраюцца на багаслужэнні.
Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад 1-м святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. Наладжваліся калядаванне, варажба, шматлікія забавы, гульні; спявалі калядныя песні.
Значная частка праваслаўных цэркваў Свята Раства Хрыстовага святкуе паводле юльянскага календара на 13 дзён пазней, чым заходнія цэрквы. У тым ліку Беларуская праваслаўная царква, якая пакуль знаходзіцца пад Маскоўскім патрыярхатам.
Мы радыя павіншаваць усіх праваслаўных вернікаў, якія чытаюць наш сайт, са светлым святам. Няхай у вашых душах будзе цеплыня і шчырасць, а вашыя дзеянні поўняцца сэнсам і поспехам. Адчыніце дзверы калядоўшчыкам, паслухайце іх цудоўныя песні, спраўце старажытны абрад, які адвеку мацаваў дарослых беларусаў і радаваў малых! Мір у вашыя дамы, здароўя і радасці для ўсёй сям'і!
Рэдакцыя Orsha.eu