Лявон Вольскі ад 2010 года вядзе сольную кар'еру, гурт N.R.M., які ён жа сам стварыў, зараз выконвае стары рэпертуар і новыя песні, але лідэр у калектыва Піт Паўлаў, колішні гітарыст гурта. Вольскі запісвае сольныя альбомы і часам выступае з праектам "Крамбамбуля", актыўна запрашаецца на карпаратывы. У інтэрв'ю праекту "Ток" на "Нашай Ніне" Вольскі ўзгадаў канцэрт, які адбыўся ў нашым горадзе ў 2001 годзе. Тады на канцэрт, акрамя фанатаў гурта і прыхільнікаў беларускага року, прыйшлі нацы-скінхэды з групоўкі РНЕ (Русское национальное единство) і пачалі крычаць нешта сваё ў перапынках паміж песнямі. Аднак іх было не надта добра чуваць, і ніхто прарасейскіх нацыстаў не падтрымаў. Момант з расповедам пачынаецца на відэа на пазнацы 23:22.
На пытанне вядоўцы, ці не пабілі тады правакатараў беларускія нацыяналісты, Вольскі адказаў адмоўна: "Навошта іх біць?! Яны там як мышкі штосьці крычалі".
Дарэчы, з таго самага канцэрту захаваўся ўнікальны фотаздымак, зроблены, верагодна, яшчэ перад выступам музыкаў. На фоне галоўнага ўваходу на Гарадскі стадыён музыкі N.R.M. сфатаграфаваліся са сваімі аршанскімі фанатамі.