На нашым сайце працягваецца апытанне "Канцэрты якіх кірункаў музыкі вы хацелі б часцей бачыць у Оршы?" У апошнія гады дзяржаўная ідэалогія, дакладней яе прадстаўнікі на месцы, у Аршанскім раёне, забаранілі шмат цікавых канцэртаў, у выніку ў наш горад практычна не прыязджаюць на гастролі артысты, якія не ўваходзяць у кола расейскіх гумарыстаў і спевакоў спецыфічнага тамтэйшага шансону, у кола афіцыйнай беларускай эстрады. Аднак ёсць спадзяванні, што Оршу зноў чакаюць разнастайныя канцэрты. Тым больш у шэрагу беларускіх гарадоў ідэолагі дакладна ўсвядомілі, што забарона канцэртаў на суб'ектыўных падставах "нізкай мастацкай вартасці" толькі гуляе на руку забароненым артыстам, павышае іх папулярнасць.
На дадзены момант у апытанні лідзіруе жанр "Рок" - 49 галасоў, ён мае вялікі адрыў, што сведчыць пра запатрабаванасць такой музыкі і яе востры недахоп у горадзе. Далей ідуць "Старыя хіты (70-я, 80-я, 90-я)" - 33 галасы, на трэцяй пазіцыі знаходзіцца "Цяжкая музыка (цяжкі рок, метал і г.д.)", за яе аддалі свае галасы 27 чалавек. Наконт старых хітоў даволі прадказальна, бо многім аршанцам хочацца пабачыць на сцэне выкананне песень, якія надоўга ўвайшлі ў памяць, таксама нічога дзіўнага няма і ў жаданні слухаць цяжкую музыку — ў Оршы падобны стыль даўно карыстаўся папулярнасцю.
Галасаванне працягваецца, галасуйце самі і запрашайце галасаваць іншых! Блок "Апытанне" знаходзіцца на стартавай старонцы сайту пад блокам "Выбар рэдакцыі".