У 1992 годзе Каралеўства Швецыя ўстанавіла дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь, адной з першых у свеце прызнаўшы незалежнасць нашай краіны. На жаль, адносіны паміж Швецыяй і нашым горадам носяць сёння досыць выпадковы характар. Вядома ж, аршанцы з задавальненнем карыстаюцца якаснымі і надзейнымі вырабамі шведскай прамысловасці – ад касметыкі да аўтамабіляў. Ужо колькі год чытаюць сваім дзеткам цудоўныя кнігі шведскай пісьменніцы Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана, які жыве на даху, ды Пэпі Доўгую панчоху, настальгічна слухаюць кампазіцыі АВВА. Так, пэўныя сувязі падтрымліваць шведскія рэлігійныя арганізацыі з дзьвюмя лютэранскімі абшчынамі Оршы. Не адно аршанскае дзіцяці, якое засталося без бацькоўскай апекі, знайшло сабе новыя сем’і ў Швецыі. Па словах адказных работнікаў РАА, у гэтай краіне вельмі адказна адносяцца да пытанняў ўсынаўлення. “Новыя бацькі” і іх дзеці знаходзяцца пад пільным кантролем дзяржавы. А юным грамадзянам Швецыі, трэба сказаць, пашчэсціла, бо другой такой дзяржавы, якая б так клапацілася аб дабрабыце сваіх грамадзянаў літаральна ад калыскі да магілы, яшчэ трэба пашукаць.
Зразумела, ёсць палітычныя і эканамічныя абставіны, якія пакуль перашкаджаюць працэсу збліжэння дзьвюх нашых краінаў, як на цэнтральным, так і на рэгіянальным узроўні. І ўсё ж будзем спадзявацца, што багатая супольная гісторыя, дэмакратычныя працэсы і рынкавыя пераўтварэнні ў нашай краіне будуць садзейнічаць добрым перспектывам супрацоўніцтва ў будучыні.
Працяг тут.