24-га красавіка 1944 года нарадзіўся адзін з найвядомейшых беларускіх палітыкаў, першаадкрывальнік месца масавых сталінскіх расстрэлаў Курапаты пад Менскам. Зянон Пазьняк нарадзіўся і вырас у вёсцы Суботнікі Івейскага раёну на Гарадзеншчыне.
У гонар юбілею мастак Максім Пякарскі стварыў карцінку з выкарыстаннем здымка Зянона Пазьняка.
Мастацтвазнаўцу, археолага, а затым і палітыка, заснавальніка Беларускага народнага фронту (БНФ) асабіста ведаў Уладзімір Караткевіч. Варта адзначыць, што ў савецкі час, час лютага пераследу іншадумцаў, шмат хто з беларускай інтэлігенцыі знаёміўся абсалютна выпадкова, напрыклад, падчас тэатральных пастановак ці пачуўшы выпадкова беларускую мову з вуснаў іншага чалавека на вуліцы.
Славуты аршанец Уладзімір Караткевіч аб'ездзіў усю Беларусь, у адной з экспедыцый ён і пазнаёміўся з маладым археолагам Пазьняком, маладзейшым за яго на 14 гадоў. Аднойчы, на дзень народзінаў піьсменніка, Пазьняк падарыў яму адшуканае ў архівах і раней не вядомае фота Кастуся Каліноўскага з дарчым надпісам "Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці". У дзённікавых запісах Караткевіч называў Пазняка "маладым здольным хлопцам".
Ва ўспамінах Народнага паэта Рыгора Барадуліна захавалася яшчэ адна згадка пра ўзаеміны з Пазьняком. Барадулін узгадаў сустрэчы творчых асоб у Каралішчавічах, тады Барадулін любіў праводзіць вечары ў размовах з Караткевічам, за якімі бывала і чарка. А маладзейшы за іх абодвух Пазьняк, тым не менш, рабіў заўвагі, намякаючы на тое, што творцы маглі б размаўляць без алкаголю.
У 1984-м Уладзімір Караткевіч заўчасна памёр і не пабачыў узлёту палітычнай кар'еры Зянона. Неўзабаве Пазьняк пацвердзіў свае здагадкі гістарычнымі раскопкамі, адкрыў беларусам праўду пра Курапаты і заявіў пра тое, што гэта не адзінае месца, дзе спачываюць нашы продкі, расстраляныя бесчалавечным сталінскім рэжымам. І на самай справе — неўзабаве адкрылася праўда пра расстрэльныя месцы пад Оршай, сумнавядомыя Кабылякі і лес пры Магілёўскай шашы. Пад Віцебскам адкрыліся Хайсы. Сёння Зянон Пазьняк жыве ў эміграцыі ў Нью-Ёрку, куды вымушана з'ехаў пасля пагрозы фізічнага знішчэння ў 1996-м. Але працягвае сачыць за беларускімі справамі штодня. У Сеціве захаваўся і фотаздымак, на якім сфатаграфавана экспедыцыя па Беларусі. У ёй узялі ўдзел і Уладзімір Караткевіч, і Зянон Пазьняк.