Выдавецтва адкрыла кніжную серыю «Беларуская класіка на рускай мове». І адразу ў ёй пабачылі свет новыя пераклады прозы легендарнага беларускага пісьменніка.
Такім чынам айчынныя кнігавыдаўцы распачалі падрыхтоўку да 90-годдзя Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча, якое краіна будзе адзначаць у 2020 годзе. Перакладчыкам твораў, што склалі зборнік аповесцяў «Ладдзя роспачы», як і рамана «Каласы пад сярпом тваім», выступіў кандыдат філалагічных навук Пятро Жаўняровіч. Вось што ён піша ў пасляслоўі да перакладу рамана:
«Выдадзены на беларускай мове ў 1968 годзе, раман да цяперашняга часу стаў хрэстаматыйным творам, які палюбілі некалькі пакаленняў удзячных чытачоў. Пераклад рамана зроблены па новым Зборы твораў Уладзіміра Караткевіча. У тэкст вернуты выключаныя ў прыжыццёвых выданнях фрагменты, так што твор у нечым успрымаецца па-новаму. У любым выпадку чытанне гэтага рамана — зусім не лёгкая вандроўка па старонках дзеля адпачынку — складаная інтэлектуальная праца і суразвагі з аўтарам. Мяркуецца, у многіх выпадках ён дзякуючы свайму таленту робіць чытача сваім аднадумцам».
Яшчэ раней, як паведамляе газета "Звязда", у адным з менскіх выдавецтваў пабачыў свет і перакладзены Пятром Жаўняровічам раман Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».