06:00

-3

5 м/с

996 гПа

09:00

-3

4 м/с

999 гПа

12:00

-1

4 м/с

1001 гПа

15:00

+0

3 м/с

1003 гПа

18:00

-3

3 м/с

1004 гПа

19 стагоддзе

Гісторыя Оршы 19 стагоддзя

19-е стагоддзе выдалася для горада адносна спакойным. Новыя тэхналогіі, пераход да капіталістычных адносінаў спрыяюць развіццю ў горадзе эканомікі.

Ужо ў 1800 годзе адкрываецца першае прадпрыемства, якое можна назваць прамысловым. Прадпрыемства здабывала вапну і тут жа грузіла яго на рачны транспарт, які па Дняпры сплаўляў тавар на поўдзень да Кіева. Першае прадпрыемства праіснавала толькі два гады, але пазней адкрываюцца новыя з той жа спецыфікай працы. У выніку, вапна стала галоўным аршанскім экспартным таварам у 19 стагоддзі.

Тым не менш, асновай эканомікі рэгіёну ўсё яшчэ заставалася сельская гаспадарка. Тым больш, што магчымае прамысловае развіццё спыніла вайна 1812 года, пра якую больш падрабязна можна прачытаць у адмысловым артыкуле.

Пасля вайны горад аднаўляўся марудна. Наступнае прамысловае прадпрыемства – завод па перапрацоўцы скураў адкрыўся толькі ў 1826 годзе. У гэтым жа годзе ёсць звесткі пра існаванне ў горадзе двух піваварных заводаў, якія абслугоўвалі толькі унутраны рынак – продаж тавару вёўся праз мясцовыя піцейныя дамы, якіх існавала 7, без уліку больш дробных піцейных установаў. Праўда, з цягам часу алкаголь (гарэлка, піва, мёд) становіцца другім пасля вапны асноўным экспартным таварам гораду.

Адной з самых значных падзеяў пачатку 19 стагоддзя стала адкрыццё вучылішча пры Дамініканскім манастыры. Пры гэтым, працягваў сваё існаванне і езуіцкі калегіюм, які стаў ці не самай важнай навучальнай установай на ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нават Полацкі езуіцкі калегіюм быў падначалены Аршанскаму.

У выніку Віленскага паўстання 1830-1831 гадоў у краіне ўзмацніліся рэпрэсіі і русіфікацыя. У Оршы вынікам рэпрэсіяў стала закрыццё езуіцкага калегіюму, трынітарскага, бернардзінскага і базылянскага кляштароў. У будынку Бернардзінскага манастыра быў створаны вайсковы шпіталь, а ў будынку Езуіцкага калегіюма – вязніца. З таго часу Орша больш не мела вышэйшай навучальнай установы за выключэннем кароткага часу ў канцы 20-га стагоддзя існавання ў горадзе прыватнага універсітэта. Праўда ў 1834 годзе існавала ідэя стварэння ў горадзе аналагу зачыненага Віленскага ўніверсітэта, але ідэя так і не была рэалізаваная.

Новы штуршок развіцця горада даў запуск у 1830 годзе шашы Віцебск – Орша. Горад пачынае адыгрываць усё большую ролю ў рэгіянальным гандлі. Адпаведна, у Оршы павялічваецца колькасць людзей, занятых гандлем – купцоў.

Пры тым што ідзе развіццё прамысловасці і гандлю, горад нельга назваць багатым. Бюджэт быў даволі малым і той траціўся перш за ўсё на ўтрыманне паліцыі, войска і расіёскай адміністрацыі. Так, у сярэдзіне 19 стагоддзя толькі 1% гарадскога бюджэту выдаваўся на адукацыю, а медыцынскія паслугі аказвала ўсяго толькі два работнікі.

Адмена прыгоннага права 1861 года, а дакладней, тое як яно было адменена, выклікала сялянскія хваляванні – у горадзе яшчэ павялічваецца колькасць вайскоўцаў, што не ўратавала рэгіён ад паўстання Каліноўскага 1863-1864 гадоў.

Напачатку паўстання ў рэгіён быў накіраваны Ігнат Будзіловіч, які стварыў з мясцовых сялянаў і шляхты партызанскі атрад і дзейнічаў на тэрыторыі сёняшняга Аршанскага і Лёзненскага раёнаў. 26 красавіка 1863 года каля вёскі Пагосцішча (сёння Лёзненскі раён) атрад Будзіловіча прыняў апошні бой і быў разгромлены ўдвая большым атрадам рускіх войскаў. 28 жніўня 1863 года ва ўзросце 22 гадоў Ігнат Мартынавіч Будзіловіч быў растраляны ў Оршы, да растрэлу малады чалавек знаходзіўся у аршанскай турме ў былым будынку езуіцкага калегіюма. Каб разглядаць справы арыштаваных паўстанцаў у горадзе была створана адмысловая камісія, якая з мая па кастрычнік 1863 года разгледзела 121 справу.

16 лістапада 1871 года адбылася ці не самая важная ў жыцці нашага горада падзея – запуск чыгуначнай лініі Смаленск-Брэст, а адпачедна адкрыццё дэпо, станцыі і заснаванне мястэчка Чыгуначны (сёння вакзал, частка раёну Заходняя). Не зважаючы, на вялікія махлярствы і недапрацоўкі ў часе будаўніцтва чыгуначнага палатна – траса займела стратэгічнае значэнне для Расійскай імперыі. Праўда, вынікі махлярстваў яшчэ доўга сказваліся на якасці абслугоўвання лініі. Так, ужо на наступным тыдні пасля запуску рух спыніўся на пяць дзён, а пазней лінія доўга дапрацоўвалася і папраўлялася.

Дзякуючы запуску чыгункі горад стаў значным прамысловым і транспартным вузлом, што дало мацнейшы штуршок для далейшага развіцця гораду.

Акрамя таго, напрыканцы стагоддзя ў горадзе ствараецца шэраг навучальных установаў, заводаў (з найбольш значны - піўны завод, зачынены ў пачатку 21 стагоддзя) і Пушкінская публічная бібліятэка.

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение