Крымінальная гісторыя разгулялася ў Оршы ўвечары 20 кастрычніка. Паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама. Студэнт другога курса Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі з прыяцелем вырашылі весела правесці час у Віцебску. Увесь дзень хлопцы каталіся ў пошуках новых знаёмых супрацьлеглага полу. Для гэтага яны абвандравалі не адну сотню кіламетраў, але жаданага выніку не дасягнулі. Ваяж скончыўся з апошнім літрам бензіну. Пасля гэтага аршанец вырашыў развітацца з прыяцелем, але, як сапраўдны сябар, давёз яго да вакзала. Там высветлілася, што дабрацца з Оршы ў Горкі да раніцы вельмі праблематычна.
Пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі, хлопец нагледзеў прыдатны «Фольксваген-Пасат» і вырашыў з’ехаць на ім у Горкі. Пагналі іншамарку, студэнт дабраўся да роднай ВНУ, а аўто кінуў у адным з дваром. Больш за тое, каб збіць з панталыку праваахоўнікаў, ён забраў з аўтамабіля магнітолу, пакінуўшы ў салоне выпадкова знойдзеныя дзве пустых бутэлькі. У якасці ж камуфляжнай меры ад кінолагаў ён шчодра абсыпаў сядзенні і панэль перцам. Зрэшты, усе гэтыя хітрыкі не дапамаглі, і аператыўнікі высветлілі асобу падазраванага. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа.