Orsha.eu ужо неаднаразова паведамляў пра занядбанасць парку Ільнокамбіната, у якім калісьці віравалі танцы і іншыя спосабы адпачынку аршанцаў. Ужо шмат гадоў парк, які знаходзіцца на беразе Дняпра, у кепскім стане. Тут перыядычна п'юць піва падлеткі, ходзяць закаханыя парачкі, робяць прабежкі фізкультурнікі, аднак паўнавартасна адпачыць на гэтым месцы ўжо немагчыма. Большасць структуры парку, дарожак, трэнажораў, прыступак, парэнчаў прыйшлі ў поўную непрыдатнасць. Як мы раней пісалі, у інтэрнэце трывае збор подпісаў пад петыцыяй. Таксама туды скідаюць фотаздымкі мясцовыя жыхары. Дзякуючы фотаздымкам нават людзі, якія не жывуць у Оршы, усвядомяць праблемы парку і зразумеюць трывогу жыхароў раёну Ільнокамбіната. Гуляць па такім парку ўжо некалькі гадоў небяспечна для здароўя.






