У Оршы 33-гадовая жанчына прыдумала арыгінальны, але незаконны спосаб набыцця тавараў без якіх-кольвек фінансавых выдаткаў. Для гэтага ёй спатрэбіўся інтэрнэт і копія пашпарта свёкра. Жанчына афармляла онлайн-пазыкі на розныя пакупкі па чужых дакументах, не апавяшчаючы пра гэта яго ўладальніка.
- Аршанка пайшла на афёру восенню мінулага года. Падставай для гэтага стаў прыезд пенсіянера да сына. Ён і падазраваная ўгаварылі госця дапамагчы ім матэрыяльна: аформіць у банку пазыку на сваё імя для куплі бытавой тэхнікі. Пры гэтым муж і жонка абяцалі выплачваць доўг самастойна, - распавялі ў Аршанскім РУУС.
Праз некаторы час крэдытаатрымальніку пачалі паступаць даўгавыя прэтэнзіі, прычым з некалькіх лізінгавых арганізацый. Мужчына адразу ж звярнуўся ў міліцыю. Сышчыкі высветлілі, што пасля афармлення крэдыту ў нявесткі засталася копія пашпарта свёкра. Без яго ведама жанчына выкарыстоўвала дублікат пры заключэнні дагавораў у розных лізінгавых кампаніях на куплю бытавой тэхнікі, душавой кабіны, посуду і іншай маёмасці на суму каля 2,5 тысяч рублёў. Пры гэтым штомесячныя плацяжы яна не гасіла.
Дзеянням падазраванай следчымі дадзена прававая ацэнка, па факце махлярства распачатая крымінальная справа, паведамляе сайт МУС. Вядома, што жыхарка Оршы працуе на адным з прадпрыемстваў горада, раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці.