У Оршы завяршыўся суд над двума ўдзельнікамі крымінальнай разборкі ў начным клубе «Венецыя», калі чатыры чалавекі пад правадырствам «злодзея ў законе» Алега Герасімовіча напалі на мясцовага аўтарытэта Марозіка. Сутычка адбылася позна ўвечары 2 красавіка 2020 году. Спачатку прыезджыя спрабавалі выклікаць таго, хто «глядзіць» за Оршай — Сяргея Дамаросава «Марозіка» на вуліцу паразмаўляць, а калі той адмовіўся выходзіць, сталі біць.
Паводле версіі следства, Муму і яго людзі нанеслі пацярпеламу не менш за 12 удараў «прадметам, якія валодаюць рэжучымі ўласцівасцямі», і прычынілі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. У выніку ў аршанскага прадстаўніка крымінальнага свету былі знявечаныя твар і шыя. Таксама дасталося і адміністратару клуба «Венецыя», які хацеў спыніць канфлікт. ВІДЭА
Муму затрымалі на малой радзіме — у Слуцку — 4 лістапада, таксама быў затрыманы адзін з яго змоўшчыкаў. Трэцяга ўдзельніка нападу нядаўна затрымалі ва Украіне, яго збіраюцца экстрадаваць. На волі застаецца апошні член квартэту, які схаваўся ў замежжы.
47-гадовага Алега Герасімовіча і ягонага аднагодку, аднаго з удзельнікаў нападу, судзілі ў судзе Аршанскага раёна і горада Оршы. Муму прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учыненым з хуліганскіх меркаванняў, групай асоб, учыненым асобай, якая раней учыніла забойства (частка 3 артыкулу 147 КК).
Другога падсуднага, як піша «ННВ», прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму, ён абвінавачваўся ў наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, учыненым з хуліганскіх меркаванняў, групай асоб (частка 2 артыкулу 147 КК) і ў злосным хуліганстве (частка 2 артыкулу 339 КК).
Прысуд у законную сілу яшчэ не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суда.