Для таго каб прадухіліць крадзяжы дзяржаўнага паліва, прадпрыемствы даўно падфарбоўваюць салярку ў блакітны колер. Праўда, як паказвае практыка злачынцаў гэта мала спыняе. Затое міліцыянтам прасцей апазнаць ці гэта салярка крадзеная ці "чыстая". Літаральна кожны дзень супрацоўнікі міліцыі ловяць каляровае паліва на дарогах рэгіёна. Так, на Горацкай трасе ДАІ спыніла машыну дзе адразу знайшлі 80 літраў дызеля і 60 літраў бензіна адпаведнага колеру. 43-гадовы кіроўца машыны працаваў сторажам аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і таму міліцыянты западозрылі, што гэтае паліва можа быць не адзіным, бо "Што ахоўваем - тое і маем". І сапраўды, дома ў стоража знайшлі яшчэ 20 літраў блакітнага бензіна.
А ў Талачынскім раёне міліцыянты на дарозе на Сянно спынілі 32-гадовага супрацоўніка лясгасу. У машыне адразу знайшлі 90 літраў паліва. Праўда сам ён яго не краў, а ўзяў ці купіў паліва ў трактарыстаў мясцовага калгасу. Цяпер да адказнасці будуць прыцягнутыя і ён і калгаснікі.