Адзін з герояў савецкага фільма "Гараж" пра такую парачку сказаў бы "не жизнь, а именины сердца!". мужчына і жанчына пражывалі ў Лёзна, хаця і не былі жанатымі. А 25-га студзеня разам прыйшлі на суд. Жанчына ў статусе абвінавачанай, мужчына ў якасці пацярпелага. Але, каб былі зразумелыя ўсе іх стасункі вернемся на неклаькі гадоў назад.
У такім жа статусе гэтая ж пара ўжо была ў судзе Лёзненскага раёна - суседняга з намі раёна - але тады, у 2018 годзе, справа была больш простая. Мужчына звярнуўся да судовай сістэмы, бо яго каханая сужыцелька ў пэўны час схапіла нож і пагражала яго забіць, чым, канешне, нанесла маральныя пакуты. Прычына была банальная: жанчына працуе, а ён жыве і п'е за яе кошт.
15 кстрычніка канфлікт узнік па той жа самай прычыне. Вечарам у кватэры сядзеў той самы сужыцель, тая самая сужыцелька і двое іхніх знаёмых. Выпівалі. Выпівалі, праўда, не ўсе. Жанчына была цвярозай. Можа быць гэта тым больш падагрэла старую крыўду і зноў пачаліся разборкі: чаму я працую, а ты не!!! Простымі пагрозамі канфлікт ужо было не спыніць. Мужчына схапіў мабільны тэлефон жанчыны і разбіў яго. Жанчына ў якасці помсты разбіла тэлевізар, дарэчы ўзяты за яе кошт у крэдыт.
Што б яны пабілі яшчэ ў хаце, калі ж яна не вырашыла выканаць сваю старую пагрозу з нажом. Жанчына ўзялася за нож і засадзіла яго сужыцелю ў нагу.
Прайшло тры месяцы і на судзе абодва бакі - і паранены мужчына і жанчына, якая яго ледзь не забіла - пачалі прасіць не караць жанчыну, бо пара ўжо зноў памірылася! Можа быць суд і не пакараў бы, але ж узгадалася старая справа 2018 года. Таму без пакарання зусім яны не сыйшлі. жанчыну ўсё ж прызналі вінаватай, але ж прысудзілі ёй лёгкае пакаранне - 8 месяцаў папраўчых работаў. Ну, і выплата розных пошлінаў у памеры амаль 500 рублёў.
Улічваючы, што пара паспела памірыцца, то праз пару гадоў мы можам чакаць працягу гэтай рамантычнай гісторыі.