Учора мы апісалі цікавую гісторыю пра тое, як жанчына параніла свайго сужыцеля нажом, але да суду паспела з ім памірыцца і атрымала мінімальнае пакаранне. Але ў той жа дзень калі прагучаў названы прысуд, у Лёзненскім раёне быў і яшчэ адзін суд, таксама напоўнены рамантыкай, прыпраўлены алкаголем і паліты крывёю.
На лаве падсудных аказаўся ў гэты раз мужчына. Ён нарадзіўся ў невялікім раёне Гомельскай вобласці і нават не атрымаў сярэдняй адукацыі, што дзіўна для сённяшняга часу. Пры тым, што яго ўжо адпраўлялі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, мужчына добра характарызуецца па месцы працы і даўно не меў ніякіх праблемаў з законам.
Жанчына ж, якая стала цяпер пацярпелай, наадварот, мела праблемы з законам. Справа ў тым, што 6 ліпеня жанчына ўжо кагосці пырнула нажом і зараз адбывае пакаранне на "хіміі". Але ж 22 верасня яна была дома - на "хіміях" бываюць адпачынкі - і яны разам выпівалі.
Падчас распіцця алкаголю жанчына напужала мужчыну. Ён падумаў, што яна хапаецца за нож, каб пырнуць і яго. Нагадаем, што ў жанчыны ўжо ёсць прысуд за падобнае, а на судзе сужыцель сказаў, што і яго ўжо яна аднойчы параніла нажом. Таму нядзіўна, што мужчына спужаўся і збег ад сваёй сужыцелькі. Але збег не проста так. Ён схапіў сякеру і ў момант, калі жанчына стала да яго спінай, з размаху рубануў яе па галаве абухом.
Такім ударам можна было б і забіць. Але ж у дадзеным выпадку адбылося не забойства, а супакаенне. Жанчына перахацела (калі такое жаданне сапраўды было) каго-небудзь тыкаць нажом, а пайшла выклікаць сабе хуткую дапамогу. Суд палічыў яе траўму - сякерай па галаве - лёгкай. Больш за тое, да суду пара паспела памірыцца. З-за прымірэння прысуд у дадзеным выпадку таксама атрымаўся не надта цяжкім - 360 гадзін грамадскіх работаў і прымусовае лячэнне ад алкагалізму.