Дзве групы незаконных мігрантаў выявілі праваахоўнікі Віцебскай вобласці ў Аршанскім і Мёрскім раёнах падчас рэспубліканскага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Нелегал», якое праходзіла з 15 па 17 лютага. Аб гэтым БелТА паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкаму.
Групы незаконных мігрантаў былі знойдзены падчас адпрацовак аўтадарог рэспубліканскага і мясцовага значэння. Нелегалаў выявілі супрацоўнікі АДАІ Аршанскага РУУС і Мёрскага РАУС. У складзе дзвюх груп перасоўваліся дзевяць грамадзян трэціх краін, якія прыехалі з Расеі ў Беларусь, не маючы візы. Замежнікаў было вырашана дэпартаваць.
Усяго ў Віцебскай вобласці падчас СКС «Нелегал» выявілі больш за 220 парушэнняў міграцыйнага заканадаўства. Амаль палову з іх здзейснілі расейцы. Таксама парушальнікамі аказаліся грамадзяне Украіны, Туркменістана, Узбекістана, Сірыі, Конга, Ірака, Лівана і Афганістана.
«За парушэнне ўстаноўленага парадку ажыццяўлення працоўнай дзейнасці да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 9 чалавек, 6 з якіх з’яўляюцца грамадзянамі Туркменістана, якія прыбылі ў Беларусь з мэтай навучання», — дадалі ва УУС.
Па выніках адпрацоўкі адрасоў знаходжання іншаземцаў пачатыя дзве крымінальныя справы па арт.371-2 КК за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусі. Выпадкі зафіксаваны ў Кастрычніцкім раёне Віцебска і ў Воршы.
«Прафілактычныя мерапрыемствы былі накіраваны на супрацьдзеянне незаконнай міграцыі, павышэнне эфектыўнасці міграцыйнага кантролю за знаходжаннем іншаземцаў, папярэджанне і спыненне з іх боку злачынстваў і правапарушэнняў, — адзначылі ва УУС. — Асаблівая ўвага надавалася адпрацоўцы месцаў знаходжання замежнікаў. Гэта рынкі, гандлёвыя цэнтры, , інтэрнацыянальныя інтэрнаты, чыгуначныя і аўтавакзалы. Акрамя таго, правяраліся кватэры, што здаюцца ў арэнду, і адрасы магчымага незаконнага знаходжання замежнікаў».
Варта дадаць, што ўлады Літвы і Польшчы неаднаразова наўпрост абвінавачвалі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна ў Беларусі і суседняй з ёй Расеі ў напаўненні памежжа з Еўразвязам нелегальнымі мігрантамі. Беларускі і расейскі бакі адмаўлялі сваю віну, нягледзфячы на наяўнасць фота- і відэадоказаў. Цяпер рэжым Лукашэнкі ўсё часцей гаворыць пра «выяўленыя групы» мігрантаў, паказваючы, як змагаецца з нелегельнай міграцыяй. Хаця ранейшыя расследаванні незалежных беларускіх і замежных журналістаў даказалі, што менавіта ўлады датычныя да арганізацыі мігранцкага крызісу на межах з Польшчай, Латвіяй і Літвой.