Ва ўзросце 100 гадоў памёр Сямён (Шыман) Сімкін — ветэран Другой усясветнай вайны, піша Newsru.co.il. Тады чытачы выдання прызналі яго спартоўцам году.
У 2016 годзе, адказваючы на пытанне: «У чым сакрэт трываласці і аптымізму вашага пакалення?», Сімкін сказаў: «Я асабліва не задумваўся. Ведаеце, я рос у вельмі беднай сям'і. У 1932-33 гадах, калі быў голад. Бацька памёр, калі мне было чатыры гады, так што маці нас гадавала. У яе праца была — збіраць утыльсыравіну па вёсках. Яе там ведалі і частавалі — хто чым. Так што вучышся шанаваць тое, што ёсць. Я жыццялюб, вельмі камунікабельны, люблю кантактаваць з людзьмі».
Сямён Сімкін нарадзіўся ў Беларусі, у мястэчку Ляды, што недалёка ад Воршы. Пасля сямі класаў школы паехаў у Ленінград вучыцца ў тэхнікуме дарожнага будаўніцтва. У 1943 годзе быў прыкамандзіраваны да 685-га артылерыйскага палка ў якасці сувязіста (адказваў за тэлефонную сувязь). Пачаў службу на Заходнім фронце ў раёне Ржэва і Смаленска. Улетку 1943 года яго ненадоўга перавялі на поўдзень, удзельнічаў у баях на Курскай дузе. Двойчы быў паранены. Быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.
Пасля вайны Сямён Сімкін ініцыяваў ушанаванне памяці яўрэяў, забітых нацыстамі ў Лядах. Ён удзельнічаў у эксгумацыі і перапахаванні целаў у 1966 годзе.
У 1998 годзе Сімкін рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Жыў у Маале-Адумім.
Ва ўзросце 90 гадоў Сімкін выйграў чэмпіянат свету ў марафонскім бегу ва ўзроставай катэгорыі 90+, прабегшы дыстанцыю 10.000 метраў за 1 гадзіну 20 хвілін і 1 секунду.
Ён таксама здабыў срэбраны медаль у забегу на 5000 метраў, і ў тым жа годзе выйграў чэмпіянат Еўропы, што праходзіў у Італіі.
Сямёна Сімкіна пахавалі на могілках Гіват Шауль у Ерусаліме 12 жніўня.