Акцыянеры ААТ «Оршааграпраммаш» прынялі рашэнне ліквідаваць гэта прадпрыемства. У справаздачы аб ягонай дзейнасці за мінулы год - шмат сумных фактаў.
Аб’ём вытворчасці быў амаль у 3 разы меншы за запланаваны, аналагічная сітуацыя з выручкай. Колькасць работнікаў скарацілася са 142 да 62 чалавек. Запасы гатовай прадукцыі таксама скараціліся – што зразумела: калі вытворчасць упала, прадавалі тое, што заставалася на складзе.
Арганізацыя атрымала прыбытак у 2024 годзе - 1 млн 775 тыс. рублёў. Але радавацца няма чаго - увесь ён пайшоў на пагашэнне даўгоў мінулых гадоў, агульная сума якіх перавышае 6 мільёнаў.
ААТ «Оршааграпраммаш» вырабляе плугі, вакуумныя машыны для транспартавання вадкіх арганічных угнаенняў, паліўныя машыны, машыны для тушэння пажараў, прычэпы і паўпрычэпы, запчасткі і шмат іншага. Уся прадукцыя сертыфікаваная і адпавядае стандартам Мытнага саюза. На сайце прадпрыемства пазначана, што ўзровень цэн на прадукцыю збалансаваны, стабільны і эластычны, прадугледжаны зніжкі. «Рабіць няякасную і непатрэбную тэхніку мы не можам і не хочам», - гаворыцца там жа.
У 2018 годзе прадпрыемства ўключылі ў праграму развіцця Аршанскага раёна. "Выдзеленыя рэсурсы ўклалі ў мадэрнізацыю, тэхпераўзбраенне, развіццё інфраструктуры. Пачалі ўжываць сучасныя тэхналогіі, выпускаць новую прадукцыю, прыцягваць маладыя кадры". У 2022 годзе арганізацыя адзначыла сваё 90-годдзе. Прапагандысцкія СМІ паведамлялі, што прадукцыя завода якасная і запатрабаваная, што рэалізуецца інавацыйны праект. 35 перадавых працаўнікоў атрымалі ўзнагароды, іх партрэты змясцілі на заводскай Дошцы гонару. У 2023 годзе прадпрыемства стала адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Лідары прамысловасці Рэспублікі Беларусь».
Цяпер мы ведаем, што прадпрыемства будзе ліквідавана да канца гэтага года.